Барыс Беразоўскі: Супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў працуюць на Расію

Падзеі 19—20 снежня ў Мінску былі спецаперацыяй расійскіх спецслужбаў, а супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў працуюць на  Расію — такое меркаванне выказаў у апублікаваным 22 студзеня інтэрв'ю ўкраінскай газеце "Сегодня" апальны расійскі бізнесмен Барыс Беразоўскі, перадае БелаПАН.

На яго думку, тое, што адбылося ў Беларусі, "выгадна Расіі і катэгарычна не выгадна ні Беларусі, ні Захаду". "Расія атрымала неабмежаваны ўплыў у гэтай краіне і па сутнасці, загнала беларускія ўлады ў кут. <…> Лукашэнка тры гады вельмі паслядоўна рухаўся ў бок дэмакратычных пераўтварэнняў", — зазначыў бізнесмен.

"Але ў ноч пасля выбараў было перакрэслена ўсё, што рабілася тры гады. І я лічу, што гэта, безумоўна, паспяховая аперацыя расійскіх спецслужбаў, якія, выкарыстоўваючы сваю пятую калону ў Беларусі, змаглі перавярнуць сітуацыю
", — мяркуе Беразоўскі.

На яго думку, "ніякай спробы захопу дома ўрада не было". "Галоўнае, што трэба было зрабіць, — гэта выставіць ахову для кандыдатаў у прэзідэнты, якія прыйшлі на гэты мітынг. Спецслужбы Лукашэнкі павінны былі іх ахоўваць, а не біць па галаве. Гэта і была б перамога Лукашэнкі", — лічыць расійскі алігарх.

Беразоўскі не сумняваецца ў тым, што Аляксандра Лукашэнку "падставіла бліжэйшае атачэнне". "Я нават больш-менш уяўляю, хто гэта рабіў — яго ўласныя спецслужбы, якія давалі яму падманную інфармацыю пра падзеі, што адбываліся на плошчы 19 снежня. І гэтыя супрацоўнікі — безумоўна, супрацоўнікі адначасова расійскіх спецслужбаў. І ў першую чаргу, размова ідзе пра старшыню КДБ Беларусі", — заявіў бізнесмен.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі