Борыс Джонсан вырашыў не балатавацца на пасаду прэм'ера Вялікабрытаніі
Борыс Джонсан / Reuters
Былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан адмовіўся ад удзелу ў выбарах лідара Кансерватыўнай партыі і кіраўніка ўрада. Пра гэта паведамляе telegraph.co.uk.
Джонсан сцвярджае, што змог бы набраць 100 неабходных галасоў для ўключэння ў бюлетэнь, і што ў яго ёсць "вельмі добры шанец" вярнуцца на Даўнінг-стрыт да канца тыдня. "Але ў апошнія дні я, на жаль, прыйшоў да высновы, што гэта было б проста няправільна. Вы не зможаце эфектыўна кіраваць, калі ў вас няма адзінай партыі ў парламенце", — патлумачыў ён сваё рашэнне выйсці з гонкі.
Такім чынам галоўным прэтэндэнтам на пасаду брытанскага прэм'ер-міністра становіцца былы міністр фінансаў Рышы Сунак. Паводле звестак The Guardian, ён заручыўся падтрымкай мінімум 165 дэпутатаў.
Бацькі Сунака пенджабскія індусы, якія імігравалі ў Брытанію з Усходняй Афрыкі. Сунак ужо заявіў, што ён заўсёды будзе ўдзячны Джонсану за Brexit, укараненне вакцыны і рэакцыю на вайну Уладзіміра Пуціна ва Украіне. Ён таксама дадаў, што хоць Джонсан "вырашыў больш не балатавацца на пасаду прэм'ер-міністра, я шчыра спадзяюся, што ён працягне ўносіць уклад у грамадскае жыццё дома і за мяжой".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.