Баскаў: прынята рашэнне амаладзіць склад мінскага "Дынама"
Гендырэктар хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Дзмітрый Баскаў анансаваў кардынальныя змены стратэгіі яго развіцця. "Стаўка на легіянераў і ўзроставых хакеістаў дапамагла б вырашыць імгненныя турнірныя задачы, але, у канчатковым выніку, прывяла б да стратэгічнага паражэння: праз некалькі гадоў "Дынама" і зборнай [Беларусі] стала б яшчэ цяжэй дамагацца пастаўленых мэтаў, — цытуе словы Баскава дынамаўская прэс-служба. — Таму было прынята рашэнне амаладзіць склад".
Ужо падпісаныя доўгатэрміновыя кантракты з дзясяткам хакеістаў ва ўзросце 19-22 гадоў. "Дынама" шукае і іншых таленавітых маладых гульцоў, ідуць перамовы. Акрамя іх у камандзе будзе і група вопытных хакеістаў, хто менавіта — стане вядома ў бліжэйшы час.
"Я ўпэўнены, што новае пакаленне беларускіх гульцоў здольнае вывесці наш хакей на новы ўзровень", — заявіў Дзмітрый Баскаў.
Нядаўна мінскае "Дынама" няўдала выступіла на Кубку Салея ў Оршы: у паўфінале саступіла ўласнаму фарм-клубу, а ў матчы за трэцяе месца — гродзенскаму "Нёману". Баскаў падкрэслівае, што каманда яшчэ фармуецца. Турнір дапамог трэнерскаму штабу ў вывучэнні патэнцыялу хакеістаў.