Батальён беларускіх добраахвотнікаў увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны
Баец батальёна імя Каліноўскага / Telegram
Батальён імя Каліноўскага прыняў прысягу і ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. Падзея адбылася 25 сакавіка — у Дзень Волі.
"Прысяга на беларускай мове напісана добраахвотнікамі. Упэўненыя, у будучыні тэст стане асновай прысягі для сапраўднай беларускай арміі", — гаворыцца ў тг-канале батальёна.
Батальён імя Каліноўскага — група беларускіх добраахвотнікаў, якія захацелі ваяваць на баку Украіны. Раней батальён уваходзіў у склад "Азова" — падраздзяленне ў складзе Нацгвардыі Украіны.
На думку прадстаўніка Святланы Ціханоўскай Анатоля Лябедзькі, беларускі рэжым палохае з'яўленне ва Украіне добраахвотніцкіх атрадаў, якія змагаюцца супраць Расіі.
"І зусім відавочна, што ён [Лукашэнка] баіцца адпраўляць сваіх салдат ва Украіну, таму што ва Украіне ўжо ёсць... рэальны супраціў, добраахвотніцкія атрады. Добрахвотніцкі батальён, які ёсць ва Украіне — гэта галаўны боль для Лукашэнкі. І ён бачыць, што жадаючых уступіць у гэты батальён вялізная колькасць", — заявіў палітык у адказ на каментары Лукашэнкі аб тым, што ў Кіеў "добраахвотніцкія атрады наведаць і фармаваць" паехала "цэлая дэлегацыя".
24 і 25 сакавіка прадстаўнікі дэмсіл Беларусі наведалі Кіеў. Яны сустрэліся з мясцовымі беларусамі і ўкраінскімі палітыкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.