Байдэн папярэдзіў РФ аб сур'ёзных наступствах, калі яна ўварвецца ва Украіну

Джо Байдэн падчас размовы з Уладзімірам Пуціным​ / twitter.com/WhiteHouse
Джо Байдэн падчас размовы з Уладзімірам Пуціным​ / twitter.com/WhiteHouse

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна аб сур'ёзных наступствах, калі РФ "уварваецца ва Украіну". Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома Джэн Псакі, якая была распаўсюджана па выніках тэлефоннай размовы Байдэна і Пуціна.

Размова адбылася напярэдадні ўвечары па просьбе расійскага боку. Гутарка доўжылася 50 хвілін. Тон размовы быў сур'ёзным і змястоўным, адзначылі ў Белым Доме.

Са слоў Псакі, Джо Байдэн заявіў, што існуе два шляхі развіцця сітуацыі, якія залежаць ад дзеянняў Расіі.

"Адзін з іх — шлях дыпламатыі, які вядзе да дээскалацыі сітуацыі, а другі — шлях, які ў большай ступені арыентаваны на стрымліванне, уключаючы сур'ёзныя выдаткі і наступствы, калі Расія вырашыць працягнуць далейшае ўварванне ва Украіну", — гаворыцца ў паведамленні прэс-сакратара Белага дома.

У другім выпадку гаворка можа ісці аб павелічэнні колькасці сіл НАТА ў краінах-саюзніках, а таксама аказанні дадатковай дапамогі Украіне.

У Крамлі, каментуючы размову, адзначылі, што яна  была карыснай для абодвух бакоў. У Маскве яе разглядаюць як падрыхтоўку да перамоваў "па прадастаўленні юрыдычных гарантый забеспячэння бяспекі Расіі", паведамляе ТАСС. Пуцін чакае ад ЗША прававых гарантый, якія выключалі б "прасоўванне NATO на ўсход і размяшчэнне сістэм ўзбраення ў непасрэднай блізкасці ад расійскіх межаў".

Абмеркаванне гэтых пытанняў будзе працягнута падчас двухбаковых перамоваў у Жэневе 9-10 студзеня, затым у рамках Савета Расія-NATO ў Брусэлі 12 студзеня, і далей 13 студзеня падчас дыскусіі ў АБСЕ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі