Байдэн сустрэўся з дыктатарам, Еўропа рыхтуецца да Калядаў — #ІхНоравы
Наш штотыднёвы агляд міжнародных навін
Ёсць штосьці трывожнае ў тым, што лідары дзвюх магутных дзяржаў разважаюць пра мір у іншай частцы свету — яму б тут, побач з намі, усталявацца. Але гаворка не пра Пуціна: амерыканскі прэзідэнт прыняў у сябе лідара Кітая. Але пра кіраўніка Расіі таксама гавораць — аказалася, тое, што пра яго ведаюць немцы з кніжак аднаго там журналіста, было напісана за крамлёўскія грошы. Адцягнуць увагу ад гэтых навін дапамогуць нашы прапановы наконт падарожжа на Каляды! Пра гэта — у сённяшнім аглядзе міжнародных навін.
Байдэн дамовіўся аднавіць кантакты з Кітаем
У ЗША адбылася эпахальная сустрэча старшыні КНР Сі Цзіньпіна з амерыканскім прэзідэнтам Джо Байдэнам. Эксперты чакалі, што лідары дзвюх магутных дзяржаў зменшаць асцярогі з нагоды таго, што дзве дзяржавы могуць уступіць у адкрыты канфлікт у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Вядома, гарантыі ў свеце дыпламатыі ў наш час даволі хісткія, але, падаецца, атрымалася дамовіцца.
— Мы дамовіліся браць тэлефонную трубку: кожны з нас можа патэлефанаваць наўпрост і будзе пачуты, — сказаў Джо Байдэн.
Сі Цзіньпін у сваю чаргу заклікаў ЗША спыніць пастаўкі ўзбраення ў Тайвань, на які Кітай мае віды і з якім ставіць мэту “мірна ўз’яднацца”. Наконт уз’яднання Байдэн нічога не сказаў, дадаў толькі, што ён таксама за мір і стабільнасць ў Тайваньскім праліве.
Кіраўнік Белага дома назваў сустрэчу "адной з самых прадуктыўных за ўвесь час". Пры гэтым прэзідэнт Бадэн не адмовіўся ад называння Сі Цзіньпіня дыктатарам. Не ў твар, вядома, але ў размовах з журналістамі па выніках сустрэчы.
Нямецкі журналіст пісаў пра Пуціна за расійскія грошы
Журналісты Міжнароднага кансорцыума журналісцкіх расследаванняў (ICIJ) і шэрагу СМІ, у тым ліку нямецкіх ZDF і Der Spiegel, вывелі на чыстую ваду свайго калегу. Яны атрымалі доказы, што нямецкі журналіст Губерт Зайпель атрымаў ад расійскага алігарха 600 тысяч еўра на кнігі пра прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
У Германіі Зайпель — вядомы аналітык па пытаннях Расіі. Ён аўтар фільма пра Пуціна, інтэрв’ю з ім. Іх нельга назваць адкрыта камплементарнымі, але тым не менш. Расследавальнікі атрымалі пацверджанні, што яго кнігі пра Пуціна спансіраваў Крэмль.
Не наўпрост, вядома: апошнія 5 гадоў Зайпель атрымліваў грошы ў якасці "спонсарскай дапамогі" ад падстаўной кампаніі з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, афіляванай з расійскім алігархам і адным з найбагацейшых прамыслоўцаў Расіі Аляксеем Мардашовым. Ён знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза і ЗША.
У 2021 годзе Зайпель выдаў кнігу "Улада Пуціна". А ў 2015-м — кнігу “Пуцін: унутраныя погляды на ўладу”.
Выдавецтва, што публікавала кнігі, цяпер вырашае, як паводзіцца на фоне скандала.
Дзе побач з намі найлепшыя калядныя кірмашы ў свеце?
Каляды надыходзяць незалежна ад таго, што адбываецца ў свеце. Многія крытыкуюць Еўропу за тое, што яна ўжо ў лістападзе пачынае рыхтавацца да зімовых святаў, але чаму б і не? CNN склаў спіс самых-самых святочных кірмашоў у свеце. Мы выбралі з іх тыя, куды беларусам адносна проста (у параўнанні з Сінгапурам і Таронта, напрыклад) можна даехаць на канікулах.
Вена. У Аўстрыі традыцыя ставіць на плошчы калядны кірмаш цягнецца ажно з 1298 года! Цяпер тут ставяць гіганцкае агляднае кола, батлейку, заліваюць каток на 150 квадратаў. Усё блішчыць і зіхаціць, адусюль пахне цынамонам і ваніллю — зусім як у добрым калядным фільме! Кірмаш працуе ад 10 лістапада да 26 снежня.
Прага. Сталіца Чэхіі сама па сабе выглядае казачна, а тут яшчэ і кірмашы. На Старамесцкай плошчы можна пабачыць розныя шоу, на Вацлаўскай плошчы непадалёк — набыць падарункі ручной працы і мясцовыя пачастункі. Асабліва варта звярнуць увагу на чэшскія каўбаскі. Калядныя кірмашы ў Празе працуюць з 2 снежня да 6 студзеня.
Кракаў. У старадаўняй сталіцы Польшчы калядны кірмаш — адзін з самых вялікіх у Еўропе. А традыцыя сягае ажно ў XIV стагоддзе. Жывая музыка, каўбаскі, гарачыя віно і піва, салодкія пачастункі, конкурс батлеек — з кракаўскага кірмаша сумным і галодным ніхто не выходзіць. Кракаўскі калядны кірмаш стартуе 24 лістапада і доўжыцца да 1 студзеня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.