Вельмі эканомная японка і разбіты старажытны артэфакт — #ІхНоравы

Міжнародныя навіны

Міжнародныя навіны / @rubanau_collage

Аказваецца, калі траціць на ежу ўсяго паўтара долара на дзень, а адзежу браць у сваякоў, то да 37 гадоў можна назбіраць грошай на тры дамы, а за рэшту яшчэ адкрыць і котакавярню. Так зрабіла адна вельмі эканомная японка. Пра гэта і не толькі чытайце ў нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.

 

Хлопчык у Ізраілі прыйшоў у музей і разбіў вельмі-вельмі старую вазу

Чатырохгадовы хлопчык разам з бацькамі прыйшоў у ізраільскі музей Хехта і выпадкова разбіў пасудзіну, якая датуецца познім бронзавым векам, каля 3,5 тысяч гадоў таму, паведамляе ВВС.

Экспазіцыя не мела ніякай аховы. Тата хлопчыка расказаў, што ягоны сын "злёгку пацягнуў" пасудзіну на сябе, каб паглядзець, што знаходзіцца ўнутры. Урэшце старажытная амфара ўпала і разбілася.

Спачатку бацькі не паверылі, што гэта зрабіў іх сын, а пасля пагаварылі з прадстаўнікамі музея. Тыя паабяцалі не выстаўляць ніякіх прэтэнзій і зноў запрасілі сям'ю на экскурсію.

У музеі патлумачылі такое рашэнне тым, што дзіця разбіла пасудзіну выпадкова. Супрацоўнікі ўстановы ўжо прызначылі спецыяліста, які зоймецца аднаўленнем экспаната.

 

Ліхаманка Заходняга Ніла атакуе Еўропу

У іспанскай Севільі зафіксавалі два новыя выпадкі смерці ад ліхаманкі Заходняга Ніла, піша Euronews.

Агульная колькасць ахвяр дасягнула пяці чалавек за лета. Раней мясцовыя ўлады паведамлялі, што выявілі дзесяць выпадкаў заражэння вірусам.

Камароў-пераносчыкаў віруса выявілі ў некалькіх раёнах уздоўж ракі Гвадалквівір. У аптэках вешаюць плакаты з лозунгам "Не аблягчайце жыццё камарам!" і парадамі аб тым, як пазбегнуць заражэння.

Мясцовыя жыхары нават выходзілі на акцыі пратэсту, патрабуючы ад уладаў прыняць эфектыўныя меры.

Паводле звестак Еўрапейскага цэнтра прафілактыкі і кантролю захворванняў, з пачатку года вірусам Заходняга Ніла ў Еўропе заразілася каля 80 жыхароў дзевяці еўрапейскіх краін. Больш за ўсё — у Грэцыі і Італіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі