БДМУ перанёс заняткі з інфекцыйнай лякарні, медкаледж — пад пытаннем

БДМУ перанёс заняткі з інфекцыйнай лякарні, медкаледж — пад пытаннем

У навучэнцаў медыцынскага каледжа ў Мінску на 4 сакавіка запланаваныя практычныя заняткі ў Мінскай гарадской інфекцыйнай лякарні, піша Telegram-канал "Адлічана". Між тым, у самой лякарні ўведзеныя каранцінныя меры ў сувязі з кітайскім каранавірусам. На брыфінгу 2 сакавіка журналістка Еўрарадыё пацікавілася ў кіраўніцтва Мінздароўя, ці будуць у навучэнцаў каледжа гэтыя заняткі.

Кіраўнікі міністэрства адказала, што кожная навучальная ўстанова сама вырашае арганізацыю навучальнага працэсу. Прафесар кафедры інфекцыйных захворванняў Медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў паведаміў, што аналагічныя заняткі студэнтаў БДМУ былі перанесеныя на іншую пляцоўку. 

Кіраўніцтва Мінздароўя падкрэсліла, што зараз няма прычын абвяшчаць каранцінныя мерапрыемствы ў сувязі з каранавірусам у якім-небудзь раёне Беларусі. Таксама беларускія медыкі не ўводзяць абмежаванні на выезд з Беларусі ў тую ці іншую краіну, але не рэкамендуюць падарожнічаць туды, дзе зарэгістраваныя выпадкі захворвання. 

Пры вяртанні турыстаў з краін, дзе зарэгістраваныя выпадкі захворвання на каранавірус, ім рэкамендуюць звяртаць увагу на сваё здароўе цягам 14 дзён. Калі з'яўляюцца нейкія сімптомы — выклікаць хуткую. 

Наконт нашэння масак у Мінздароўі сказалі, што ва ўстановах аховы здароўя такія маскі носяць заўжды пры пад'ёме ВРВІ. Дадатковыя рэкамендацыі ў Мінздароўя пакуль што лічаць збыткоўнымі. 

У Мінздароўі кажуць, што некалькі кіроўцаў былі шпіталізаваныя: на мяжы ў іх з дапамогай цеплавізараў выявілі павышаную тэмпературу. Аднак абследаванне не выявіла заражэння каранавірусам. 

Агулам у Беларусі пад назіраннем лекараў па падазрэнні ў заражэнні каранавірусам знаходзяцца 271 чалавек. Афіцыйна ў нашай краіне зарэгістраваныя тры выпадкі захворвання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі