Беларусь аказалася ў тройцы краін з самым танным таксі
Таксі ў Мінску / TUT.by
Маніторынгавае агенцтва Energyprom (Казахстан) апублікавала рэйтынг краін паводле кошту таксі. Даследчыкі спасылаюцца на звесткі Numbeo. Гэта найбуйнейшая ў свеце база дадзеных пра кошт і якасць жыцця.
Паводле гэтых звестак, самыя нізкія тарыфы на паслугі таксі — у Егіпце ($0,16 за 1 кіламетр). На другім месцы размясціўся Пакістан ($0,19). Беларусь заняла трэці радок ($0,20).
З краін былога СССР у першую дзясятку рэйтынгу ўвайшлі Арменія і Узбекістан (па $0,26), а таксама Украіна, Малдова і Расія (па $0,27). У Казахстане ($0,44) і ў Азербайджане ($0,59) таксі даражэйшае.
У Чэхіі за паездку на таксі плацяць з разліку $1,31 за кіламетр. А ў ЗША — $1,68. Самыя высокія тарыфы на таксі выявіліся ў Швейцарыі ($4,25), Кувейце ($3,27) і на Ямайцы ($3,26).
Пры гэтым варта адзначыць, што сярэдні заробак, напрыклад, у Чэхіі ў 2022 годзе, паводле афіцыйных звестак чэшскага статыстычнага ўпраўлення, быў 1 610 еўра ў эквіваленце. А ў Беларусі — 710 еўра ў эквіваленце (1915,6 руб).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.