Беларусь больш не імпартуе лёд: марозіць ваду навучыліся пад Дзяржынскам

Беларусь больш не імпартуе лёд: марозіць ваду навучыліся пад Дзяржынскам

Здзейсніўся цуд: Беларусь перастала імпартаваць лёд. Так-так, звычайны харчовы лёд, які кідаюць у бакалы з віскі і кактэйлямі, мінулым летам прывозілі ў нашу краіну за 800 км, ажно з Санкт-Пецярбургу. Кілаграмовая ўпакоўка каштавала 2 рублі 36 капеек!

Сёлета ў крамах можна знайсці беларускі лёд. Хаця і ён не такі ўжо танны:

"Так, мы прадаем лёд. Вытворца — кампанія Vitalice, Дзяржынск. Каштуе 1,72 рубля за кілаграм”, — адказваюць Еўрарадыё ў адным з мінскіх гіпераў.

Год таму Еўрарадыё шукала харчовы лёд на мінскіх холадакамбінатах. Бо каму, як не ім, займацца імпартазамяшчэннем лёду?

"У нас ёсць лядоўні шокавай замарозкі для яго вытворчасці. Ну, хіба што трэба будзе зрабіць нейкія формачкі. Дзякуй за ідэю!” — адказлі тады Еўрарадыё ў аддзеле маркетынгу Мінскага холадакамбіната №2. І… нічога не зрабілі!

"У нас ідзе рэканструкцыя. Выпуск лёду мы не пачалі", — расчароўваюць нас сёлета супрацоўнікі холадакамбіната.

Перспектыўнасць і аб’ёмнасць рынка здолелі ацаніць прыватнікі з дзяржынскага прадпрыемства Vitalice:

"Мы натхніліся прыкладам палякаў, якія актыўна выкарыстоўваюць харчовы лёд, і зразумелі, што нашы людзі таксама гатовыя гэта рабіць, — кажа ў размове з Еўрарадыё прадстаўнік кампаніі, які прадставіўся Віталём. — Мы пачалі вытворчасць лёду год таму. Дагэтуль займаліся сертыфікацыяй. Вельмі складана было зарэгістраваць кампанію, бо гэта патрабуе атрымання сертыфікатаў і ўзгадненняў з санстанцыяй. Нас "прыраўнялі" да вады. Цяпер змагаемся за "чысціню" лёду".

Беларусь больш не імпартуе лёд: марозіць ваду навучыліся пад Дзяржынскам
Так выглядае дзяржынскі лёд. Фота: vitalice.by

За месяц кампанія выпускае да 15 тон ільда: Віталь кажа, што харчовы лёд карыстаецца попытам і ў рэстаранаў, і ў звычайных пакупнікоў. І гэта не дзіўна ў такую спёку! Зімой жа дзяржынскі лёд выкарыстоўваецца для стварэння ледзяных скульптур і пакояў.

Канкурэнцыі з боку непаваротлівых дзяржаўных вытворцаў на Vitalice не баяцца.

"Навошта нашым холадакамбінатам такі спецыфічны прадукт? Думаю, яны мусяць займацца тым, чым займаюцца", — адказваюць на прадпрыемстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі