Беларусь дагэтуль не запрасіла на выбары назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ

Магчыма, чакаць давядзецца яшчэ доўга / Еўрарадыё
Магчыма, чакаць давядзецца яшчэ доўга / Еўрарадыё

Да прэзідэнцкіх выбараў застаўся месяц, аднак назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ дагэтуль не запрошаныя ў Беларусь.

"БДІПЧ усё яшчэ чакае запрашэння ад уладаў назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Своечасовае запрашэнне мае важнае значэнне, паколькі яно дазваляе нам адпраўляць назіральнікаў у тэрмін, які дазволіць даць поўную ацэнку выбарчаму працэсу", — расказала Еўрарадыё прэс-сакратар БДІПЧ Каця Андруш.

У 2020 годзе праз пандэмію каранавіруса на рашэнне лагістычных пытанняў трэба больш часу, чым раней. Да таго ж супрацоўнікі БДІПЧ занятыя назіраннем за іншымі выбарчымі кампаніямі. Для таго каб сфармаваць місію і забяспечыць назіранне на належным узроўні, трэба час, якога застаецца ўсё менш.

Пытанні міжнароднага назірання за прэзідэнцкай кампаніяй БДІПЧ і МЗС Беларусі апошні раз абмяркоўвалі 24 чэрвеня — па тэлефоне. 26 чэрвеня міністр замежных спраў Уладзімір Макей "пацвердзіў намер" Беларусі запрасіць міжнародных назіральнікаў. Але адразу ж дадаў, што знешнепалітычнае ведамства раіцца ў гэтым пытанні з Міністэрствам аховы здароўя.

"Мне няма чаго дадаць да таго, што сказаў міністр. З таго моманту пакуль ніякіх навін няма", — адказаў Еўрарадыё на пытанне пра міжнародных назіральнікаў прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз.

Тым часам дырэктар БДІПЧ Інгіб'ёрг Сальрун Гісладацір занепакоеная маўчаннем Беларусі. 1 ліпеня яна напісала пра гэта ў "Твітэры": "БДІПЧ АБСЕ да гэтага часу не атрымала запрашэнне назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Поўная ацэнка выбарчага працэсу залежыць ад нашай здольнасці своечасова адправіць назіральнікаў".

Аднак МЗС Беларусі не падпісанае спадарыню Гісладацір у "Твітэры".

На мінулых выбарчых кампаніях назіральнікаў БДІПЧ запрашалі ў Беларусь "месяцы за два" — на этапе вылучэння прэтэндэнтаў у прэзідэнты, прызнаецца кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына: "Ну а прыязджалі месяца за паўтара да выбараў. Летась (на парламенцкія выбары) прыехалі дзесьці за месяц".  

Чаму ж сёлета запрашэнне не было адпраўлена ў траўні — на этапе вылучэння "кандыдатаў у кандыдаты"?

"На той момант, калі ішло вылучэнне кандыдатаў, па-першае, Еўропа была закрытая на каранцін, па-другое, на гэтым раннім перыядзе і ў Рэспубліцы Беларусь было дастаткова трывожна менавіта з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Нават цяпер многія дзяржавы, у тым ліку тыя, якія ўваходзяць у СНД, не ўпэўненыя, што змогуць накіраваць назіральнікаў менавіта з неспрыяльнай сітуацыяй ужо ў іх у дзяржавах", — адказвае Лідзія Ярмошына.

7 чэрвеня старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй Савіных паведаміў, што назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ адмовіліся прыехаць у Беларусь праз складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў нашай краіне. Дэпутат разлічваў на іх прысутнасць, але на жаль.

"Я ўжо абмяркоўваў гэта з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ. Безумоўна, мы зацікаўлены ў запрашэнні нашых калег. Але Парламенцкая асамблея АБСЕ ўжо сказала, што не зможа накіраваць сваіх назіральнікаў. Гэта звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй", — растлумачыў Андрэй Савіных.

Па звестках Еўрарадыё, ПА АБСЕ, таксама як і БДІПЧ, не атрымала запрашэння назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі проста паведамілі беларускаму боку, што ў гэтай сітуацыі больш не гатовыя арганізаваць назіранне за выбарамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі