Беларусь хоча падпісаць новы "газавы" кантракт з Расіяй да 10 снежня
Раней чакалася, што ён будзе падпісаны да канца лістапада.
Новы трохгадовы кантракт на пастаўку расійскага газу разлічвае падпісаць да канца бягучай дэкады Беларусь. Пра гэта ў аўторак заявіў намеснік міністра энергетыкі нашай краіны Міхаіл Міхадзюк. "Мы прынцыпова дамовіліся з расійскім бокам пра тое, што кантракт будзе падпісаны ў сціслыя тэрміны", — цытуе словы Міхадзюка РІА "Новости".
Раней чакалася, што падобны дакумент будзе падпісаны да канца лістапада, але гэтага не адбылося.
Намеснік міністра энергетыкі Беларусі дадаў, што "ў пастаўшчыка ["Газпрама"] няма пярэчанняў па колькасці газу, якую запытвае беларускі бок".
Нагадаем, раней першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка выказваў меркаванне, што новая цана на газ для нашай краіны будзе ніжэйшая, чым цяперашняя ў сувязі з некалькімі фактарамі, у тым ліку з падзеннем кошту на нафту. У цяперашні час цана газу для Беларусі складае 168 долараў за тысячу кубаметраў.
Фота — ria.ru