Беларусь і ЗША працягнуць дыялог па праблемах правоў чалавека
Беларусь і ЗША працягнуць дыялог па правах чалавека у абедзвюх краінах. Абмяркоўвацца будуць у тым ліку і тыя пытанні, якія выклікаюць нязгоду двух бакоў. Такая дамоўленасць дасягнутая падчас перамоваў, якія 16 снежня правяла ў Вашынгтоне беларуская дэлегацыя, інфармуе прэс-служба Міністэрства замежных справаў.
У складзе дэлегацыі быў начальнік упраўлення Амерыкі МЗС Алег Краўчанка, намеснік начальніка ўпраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Ірына Вялічка, часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі, а таксама прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў.
Тэма правоў чалавека абмяркоўвалася падчас сустрэч і перамоваў з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Брыджэт Брынк, намеснікам памочніка дзяржсакратара ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робертам Бершчынскім, а таксама іншымі прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША.
Сустрэчы былі арганізаваныя пры падтрымцы прадстаўніцтва ААН/ПРАНН у Беларусі. Пытанні датрымання правоў чалавека ў кантэксце вяршэнства права абмяркоўваліся ў Міністэрстве юстыцыі і Вярхоўным судзе ЗША, у офісе па правах чалавека ўраду акругі Калумбія, у Амерыканскай асацыяцыі адвакатаў і Міжнародным фондзе выбарчых сістэм.