Беларус Іван Брынза заваяваў "срэбра" на юнацкіх Алімпійскіх гульнях
Беларус Іван Брынза заваяваў "срэбра" на III летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях, інфармуе прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэта. У сераду ў Буэнас-Айрэсе ён паспяхова выступіў у заездзе адзіночак у акадэмічным веславанні, паказаў вынік 1.32,84. Наперад Брынза прапусціў толькі ўкраінца Івана Цішчанку.
"Я мог бы стаць першым, але не хапіла самай дробязі. Не хапіла метраў дыстанцыі", — прызнаецца вясляр.
Івану Брынзе 17 гадоў. Ён — ураджэнец Шклова. У гэтым годзе быў другім на юнацкім чэмпіянаце Еўропы, чацвёртым — на юнацкім Чэмпіянаце свету. На юнацкіх Алімпійскіх гульнях са спартсменам працуе трэнер Юрый Золотарев. Брынза — капітан зборнай Беларусі на спаборніцтвах, ён нёс дзяржаўны сцяг на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця гульняў. У беларускай зборнай дзве ўзнагароды: раней "золата" заваяваў дзюдаіст Арцём Коласаў.