Беларусь мае намер адмовіцца ад дырэктыўнай сістэмы планавання эканомікі
![Беларусь мае намер адмовіцца ад дырэктыўнай сістэмы планавання эканомікі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/1430061583_fbcb0248349f.jpg.webp?itok=pJh772RA)
Беларусь плануе адмовіцца ад дырэктыўнай сістэмы планавання эканомікі і перайсці на індыкатыўную. Гэта фактычна азначае адмову дзяржавы ад практыкі давядзення міністэрствам і суб’ектам гаспадарання абавязковых для выканання прагнозных паказчыкаў.
Праект адпаведнага закона можа быць разгледжаны дэпутатамі беларускага парламента на восеньскай сесіі ў пакеце з іншымі дакументамі (у прыватнасці, бюджэтам), што вызначаюць эканамічную палітыку на 2016 год, паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, адкрываючы восьмую сесію беларускага парламента, 2 кастрычніка звярнуў увагу на неабходнасць пераходу дзяржавы на індыкатыўную сістэму планавання эканомікі.
“Пры ўсёй важнасці валавых паказчыкаў у пытаннях планавання на першае месца трэба ставіць прыбытак і рэнтабельнасць. Індыкатыўнае планаванне закліканае дапамагчы прадпрыемствам, галінам і рэгіёнам больш актыўна выкарыстоўваць свае канкурэнтныя перавагі, рэалізоўваць экспартны патэнцыял”, — сказаў Андрэйчанка.
Фота: e-news.su