Беларусь на Віленскім саміце Усходняга партнёрства прадставіць Макей
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей будзе ўзначальваць дэлегацыю нашай краіны.
Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце МЗС. Макей прадставіць пазіцыю і падыходы Беларусі ў дачыненні да Усходняга партнёрства і далейшага развіцця гэтай ініцыятывы падчас пленарнай дыскусіі 29 лістапада.
Нагадаем, што трэці саміт ініцыятывы пройдзе 28–29 лістапада. У яго рамках плануюцца двухбаковыя сустрэчы кіраўніка беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі краін-сяброў ЕС і краін-партнёраў, а таксама кіраўніцтва еўрапейскіх структур.
Напярэдадні саміту Усходняга партнёрства ў Вільні пройдзе другі бізнэс-форум ініцыятывы. Плануецца, што нашу краіну на гэтым мерапрыемстве будзе прадстаўляць міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.
Фота — mfa.gov.by