Беларусь наведае кіраўнік Індыі
Не так даўно ў гэтую краіну ездзіў беларускі міністр замежных справаў дзеля актывізацыі бізнес-кантактаў.
Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы ў чэрвені плануе прыехаць у Мінск з афіцыйным візітам, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на індыйскае дыппрадстаўніцтва ў Беларусі. Дакладныя мэты візіту невядомыя, але мяркуецца, што індыйскі кіраўнік будзе абмяркоўваць з беларускімі ўладамі пашырэнне эканамічных кантактаў.
На сёння таваразварот паміж Беларуссю і Індыяй складае каля паўмільярда долараў. Індыйскі бізнес рэалізаваў у нашай краіне шэраг паспяховых камерцыйных праектаў, напрыклад, паўдзельнічаў у рэканструкцыі Гродзенскай ЦЭЦ-2, якая была ўведзеная летам 2013 года. Беларусь у сваю чаргу з’яўляецца буйным пастаўшчыком калійных угнаенняў у Індыю.
У красавіку сёлета Індыю з афіцыйным візітам наведаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Ён правёў перамовы з кіраўніцтвам буйных кампаній, зацікаўленых у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю.
Фота: AFP