Беларусь назвалі самай небяспечнай для журналістаў краінай у Еўропе

Больш за 400 журналістаў былі затрыманыя або арыштаваныя ў Беларусі ў 2020 годзе / Еўрарадыё​
Больш за 400 журналістаў былі затрыманыя або арыштаваныя ў Беларусі ў 2020 годзе / Еўрарадыё​

Беларусь апусцілася на пяць пазіцый у штогадовым "Індэксе свабоды прэсы", які складаюць "Рэпарцёры без межаў" — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая выступае супраць цэнзуры.

Сёлета Беларусь заняла 158 месца са 180 магчымых. Да гэтага некалькі гадоў запар яна была на 153-м месцы.

У справаздачы арганізацыі адзначаецца, што журналісты ў Беларусі "падвяргаюцца беспрэцэдэнтным рэпрэсіям". Атакуючы журналістаў, улада спрабуе "схаваць масавыя вулічныя пратэсты, якія сталі адказам на спрэчны вынік прэзідэнцкіх выбараў". Паводле звестак "Рэпарцёраў без межаў", у 2020 годзе больш за 400 журналістаў у Беларусі былі затрыманыя або арыштаваныя. Частка з іх пазней яшчэ казала пра гвалт і прыніжэнні, якім яны падвяргаліся ў зняволенні.

"Рэпарцёры без межаў" назвалі Беларусь самай небяспечнай краінай у Еўропе для працы журналістаў.

"Крытычна настроеныя журналісты і блогеры падвяргаюцца пагрозам, гвалту, а таксама арыштам", — гаворыцца ў справаздачы.

Першае месца ў рэйтынгу пяты год запар займае Нарвегія. Далей ідуць Фінляндыя, Швецыя і Данія. Украіна займае 97-ы радок, Расія — 150-ы.

Горш за ўсё справы са свабодай прэсы, па ацэнках "Рэпарцёраў без межаў", у Кітаі, Туркменістане, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.

Пасля выбараў у Беларусі каля дзесяці журналістаў сталі фігурантамі крымінальных спраў. Карэспандэнты "Белсата" Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова былі асуджаныя за стрым з масавай акцыі. Суд палічыў, што яны вінаватыя ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Да 6 месяцаў пазбаўлення волі прысудзілі і журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч — за артыкул пра загінулага Рамана Бандарэнку. Суд палічыў, што яна вінаватая ў разгалошванні медыцынскай таямніцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі