Беларусь папрасіла Еўрасаюз "замарозіць" кошт шэнгенскіх віз
Шэнгенскія візы для беларусаў пакуль не патаннеюць / Еўрарадыё
З 1 лютага шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі не патаннеюць. Пра гэта, адказваючы на пытанне TUT.BY, расказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Паводле яго слоў, "тармозіць" з пакетам пагадненняў па спрашчэнні выдачы віз і рэадмісіі менавіта еўрапейскі бок. "Нашы еўрапейскія партнёры за тры месяцы не змаглі завяршыць свае працэдуры і агучылі прапанову зрабіць гэта ў студзені наступнага года, — каментуе Глаз. — Што стала прычынай такой доўгай унутранай працы, будзе карэктней спытаць у іх.
Кансультацыі з еўрапейцамі па ўзгадненні даты і фармату працэдуры падпісання ўжо ідуць.
Пры гэтым еўрапейскі бок папрасіў даць яму яшчэ 3 тыдні для тэхнічнай зверкі тэксту гэтага пагаднення".
Калі візавыя пагадненні будуць падпісаныя ў студзені, яны не паспеюць уступіць у сілу да пачатку дзеяння новага Візавага кодэкса ЕС. Нагадаем, дакументам прадугледжаны рост кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра з 2 лютага 2020 года. "Гэта значыць, як мінімум некалькі месяцаў беларускія грамадзяне будуць вымушаныя плаціць за шэнгенскую візу не 35, а 80 еўра", — канстатуе прэс-сакратар МЗС.
У сувязі з гэтым Беларусь папрасіла Еўрасаюз "замарозіць" кошт шэнгенскіх віз. Калі пытанне будзе вырашанае станоўча, з лютага беларусы будуць плаціць за "шэнген" 60 еўра, як раней.
Пасля падпісання візавыя пагадненні павінныя ўхваліць парламенты Беларусі і Еўрасаюза. Яны ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасля таго, як бакі паведамляюць адзiн аднаму аб выкананнi гэтых працэдур. Калі Мінск і Брусель падпішуць пакет пагадненняў па спрашчэнні выдачы віз і рэадмісіі ў пачатку студзеня, а Нацыянальны сход і Еўрапарламент не стануць тармазіць з ратыфікацыяй, шэнгенскія візы патаннеюць для беларусаў да 35 еўра з 1 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.