Беларусь пазбылася яшчэ аднаго алімпійскага медаля за 2008 год
Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў беларускую штурхальніцу ядра Надзею Астапчук бронзавага медаля, які яна заваявала на Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне. Паўторная праверка выявіла ў яе допінг-пробе забароненыя рэчывы турынабол і тамаксіфен, паведамляе БелаПАН.
У 2012 годзе Астапчук пазбавілі залатога алімпійскага медаля ў Лондане, бо допінг-тэст паказаў у яе пробе анабалічны стэроід метэналон.
Акрамя Астапчук, МАК ануляваў вынікі выступу беларускай кідальніцы молата Дар'і Пчэльнік: на Пекінскай Алімпіядзе-2008 яна заняла чацвёртае месца. Цяпер у пробе спартоўкі выявілі турынабол.
Пекінская Алімпіяда-2008 лічылася самай паспяховай для Беларусі: на ёй было выйграна 19 медалёў (4, 5, 10). Пасля допінг-скандалаў іх колькасць скарацілася да 13 (3, 4, 6).