Беларусь стала рэкардсменам фестывалю Tallinn Music Week
Сёлета арганізатары шоў-кейс-імпрэзы атрымалі 160 заявак на ўдзел ад беларускіх музыкаў і блізкіх да музыкі асобаў.
Завяршыўся прыём заявак ад артыстаў на буйны еўрапейскі шоўкейс-фестываль Tallinn Music Week 2015, які пройдзе з 25 па 29 сакавіка ў сталіцы Эстоніі. Арганізатары атрымалі з Беларусі 160 заявак – гэта абсалютны рэкорд сярод замежных дзяржаваў за ўсе 7 гадоў правядзення мерапрыемства.
Усяго на будучы фестываль было атрымана каля 1000 заявак – гэта таксама абсалютны рэкорд Tallinn Music Week. Больш за Беларусь у гэтым годзе падалі толькі артысты з Эстоніі – каля 300. Следам за намі размясціліся Фінляндыя (90), Данія (72), Латвія (59) і Расія (40). Для ўдзелу ў фестывалі аргкамітэтам будзе адабрана 250 артыстаў. Спіс выступоўцаў будзе абвешчаны ў лютым. Партнёрам фестывалю ў Беларусі выступае сайт Experty.by.
– Мы рады бачыць такія вынікі ўжо на другім годзе актыўнага ўдзелу Беларусі ў Tallinn Music Week, – адзначае кіраўнік фестывалю Хелен Сілдна. – У мінулы раз мы былі радыя адкрыць для сябе і міжнароднай аўдыторыі беларускія гурты Super Besse і "Петля пристрастия", якія з тых часоў сталі рэгулярнымі гасцямі ў Эстоніі і суседніх краінах. Думаю, што і будучай вясной у Таліне ў беларускіх музыкаў ёсць усе шанцы праявіць сябе.
Tallinn Music Week – адзін з найбуйнейшых музычных фестываляў краін Балтыі і Скандынавіі. У мінулым годзе мерапрыемства сабрала 227 артыстаў з 21 краіны, якія выступілі на 34 сцэнах. Большасць канцэртаў праходзіць у шматлікіх клубах, размешчаных на маляўнічых вулачках гістарычнага цэнтра Таліна. Гэтай восенню Tallinn Music Week быў уключаны ў топ-5 найлепшых "зімовых" фестываляў па версіі адразу двух буйных брытанскіх газет – Guardian і The Observer.
Але ў Таліне чакаюць не толькі артыстаў. Спецыялісты (менеджары, прамоўтары, арганізатары фестываляў) могуць атрымаць платную делегацкую акрэдытацыю для ўдзелу ў канферэнцыі, якая праходзіць паралельна канцэртам. На ёй кожны год збіраецца некалькі сотняў музычных прафесіяналаў з Еўропы і ЗША, якія дзеляцца сваім досведам і па вечарах разам з усімі глядзяць канцэрты.
Чакаюць у Таліне і гледачоў. Усе аматары добрай музыкі і цудоўнага настрою могуць набыць адзін білет на ўсе дні, пляцоўкі і канцэрты. Кошт квітка да 3 лютага складае ўсяго 510 тысяч беларускіх рублёў, продаж праз касы і сайт Bileti.by. Квіток таксама дае права на зніжку ў рэстаранах. Больш падрабязна пра фэст чытайце на сайце Experty.by.