Беларусь трапіла ў "чорны спіс" ЗША. Даведайцеся, пры чым тут суботнікі
Сярод еўрапейскіх краінаў у "чорным спісе" ЗША ў пытаннях гандлю людзьмі — толькі Беларусь і Балгарыя / blogirina
Злучаныя Штаты ў аўторак апублікавалі гадавую справаздачу, у якой змяшчаецца чорны спіс краінаў, дзе ёсць праблемы ў пытаннях гандлю людзьмі, піша Daily Express.
Сярод еўрапейскіх краінаў у гэтым спісе апынуліся толькі Беларусь і Балгарыя. Таксама з "пачаткоўцаў" спісу сёлета — В'етнам, Камбоджа, Бруней і Макаа.
Выданне заўважае, што Дзярждэпартамент у сваіх штогадовых справаздачах аб гандлі людзьмі ніколі не шкадуе нават блізкіх хаўруснікаў. Гэта часта выклікае рознагалоссі. Але афіцыйныя асобы ЗША кажуць, што крытыка з боку Дзярждэпу прымушае ўрады краінаў, якія "правініліся", больш актыўна працаваць у гэтай сферы.
Усё не так дрэнна
Сітуацыя ў Беларусі не такая дрэнная, як вы падумалі. Краіна трапіла ў спіс дзяржаваў, урады якіх не ў поўнай меры адпавядаюць мінімальным стандартам, але робяць значныя намаганні, каб ім адпавядаць.
"Урад Беларусі не ў поўнай меры адпавядае мінімальным стандартам па выкараненні гандлю людзьмі і не робіць для гэтага значных намаганняў, нават з улікам уплыву пандэміі COVID-19 на яго патэнцыял у барацьбе з гандлем людзьмі; таму рэйтынг Беларусі быў паніжаны да ўзроўню "3", — гаворыцца ў справаздачы.
Складальнікі справаздачы адзначаюць, што ўрад Беларусі "зрабіў некаторыя крокі ў барацьбе з гандлем людзьмі". Сярод іншага — судовы пераслед вінаватых. Сярод прэтэнзій складальнікаў рэйтынгу — беларускія ўлады не прапаноўвалі "адэкватных паслуг па абароне ахвяраў гандлю людзьмі".
Складальнікі рэйтынгу спасылаюцца і на тое, што беларускія ўлады вярнулі многіх мігрантаў, якія апынуліся на тэрыторыі Беларусі ў разгар міграцыйнага крызісу, у іх родныя краіны. Пры гэтым значнай праверкі пагроз, з якімі людзі могуць сутыкнуцца дома, ніхто не праводзіў.
"Больш за тое, урад шырока абмяжоўваў дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку арганізацый, якія аказваюць падтрымку ахвярам гандлю людзьмі і не давала фінансаванне або дапамогу ў форме НДА", — гаворыцца ў справаздачы.
Пагаварыце з чыноўнікамі пра суботнікі
У справаздачы таксама ёсць пералік рэкамендацый для беларускіх уладаў — як палепшыць сітуацыю ў гэтай сферы. Так, рэкамендуецца павялічыць аб'ём рэсурсаў, якія вылучаюцца на дапамогу і абарону ахвяраў гандлю людзьмі. Сярод арганізацый, якія павінны атрымаць такую дапамогу, могуць быць не толькі НДА, але і тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання.
Рэкамендуецца таксама больш актыўна расследаваць і пераследваць у судовым парадку выпадкі прымусовай працы. Сярод іншага беларускіх чыноўнікаў рэкамендуюць больш актыўна інфармаваць пра тое, што ўдзел у суботніках — добраахвотнае рашэнне супрацоўніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.