Беларусь выйграе ці прайграе ад нізкіх цэн на нафту?
Завод "Нафтан" / novopolotsk.by
2020 год пачаўся няпроста для беларускай энергетыкі. Перабоі ў пастаўках нафты з Расіі, зніжэнне загрузкі НПЗ і экстранны пошук альтэрнатыўных паставак... Што будзе далей? Каб абмеркаваць гэта, "Прэс-клуб" сабраў экспертаў на анлайн-сустрэчу "Энергетыка Беларусі: ад палітыкі да эканомікі". І вось да якіх высноў яны прыйшлі.
Расійская нафта па $4 за бараль — гэта перамога?
З 6 красавіка Беларусь аднавіла пастаўкі расійскай нафты. Прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што сыравіна будзе каштаваць ад 4 долараў за бараль. Гэта ў 12 разоў танней, чым у 2019 годзе. Ці можна гэта расцэньваць як перамогу? У эканамічнага аглядальніка Таццяны Манёнак ёсць сумневы:
— У гэтым месяцы Беларусь атрымае 2 мільёны тон нафты па 4 долары за бараль. Гэта значыць, гэта каля 30 долараў за тону. У студзені тона каштавала 360 долараў. Прэферэнцыі, вядома, ёсць, але ёсць і шмат пытанняў. Па якой цане ўсё-ткі Беларусь будзе імпартаваць нафту? Што будзе з прэміяй? Пакуль складваецца адчуванне, што кожны бок трактуе дамоўленасці па-свойму.
Ці трэба Беларусі столькі нафты?
Ёсць і яшчэ адно пытанне: ці патрэбныя Беларусі 2 мільёны тон нафты ў красавіку? Куды збываць нафтапрадукты? Ва Украіне і на іншых еўрапейскіх рынках спажыванне нафтапрадуктаў на запраўках скарацілася на 40-50 адсоткаў. Пакупнікам беларускага бензіну і дызпаліва ўжо не трэба столькі, колькі было ў 2019 годзе. А замяніць старыя экспартныя рынкі новымі цяпер наўрад ці атрымаецца.
— Праўда, застаецца шанц узяць больш таннай нафты, перапрацаваць яе і зрабіць запасы, — дадае Манёнак.
Альтэрнатыўныя пастаўкі — усё?
Чым ніжэйшая цана на нафту, тым вышэйшыя выдаткі на яе дастаўку. Тым даражэй шукаць рынкі збыту. Гэта прыводзіць да таго, што альтэрнатыўныя пастаўкі нафты ў Беларусь становяцца менш перспектыўнымі, лічаць эксперты.
— Увогуле шмат сумневаў ёсць наконт таго, наколькі Беларусь рэальна зацікаўленая ў альтэрнатыўных пастаўках. Вось прыбыў яшчэ адзін танкер азербайджанскай нафты праз адэскі порт Паўднёвы, а потым што? Канец? Калі так, то Беларусь выкарыстоўвае гэта толькі для таго, каб выбіваць зніжкі ў Масквы. Тая ж сітуацыя ўжо назіралася з Венесуэлай, Азербайджанам, — лічыць Каміль Клысіньскі, старшы аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў Польшчы.
Украінскі эксперт Генадзь Рабцаў дадае, што ўкраінскі бок заўсёды адкрыты для перамоў, але ўсё-ткі "адкрываць трубу хочацца ў разліку не на адзін танкер, а на доўгатэрміновы кантракт". Той жа пазіцыі прытрымліваецца літоўскі эксперт (альтэрнатыўныя пастаўкі магчымыя праз порт Клайпеды): Літва можа транспартаваць у Беларусь 3 мільёны тон нафты, але для гэтага патрэбны доўгатэрміновыя дамоўленасці.
— Беларусь цяпер праходзіць тэст па энергетычнай палітыцы. Беларускія ўлады сапраўды настроеныя на альтэрнатыўныя пастаўкі або чарговы раз гэтая дэманстраваная зацікаўленасць — толькі інструмент у перамовах з Масквой? — рэзюмуе Каміль Клысіньскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.