Беларус, які вярнуўся на радзіму з Польшчы, асуджаны на 7 гадоў калоніі
Жыхар Баранавічаў Павел Лінкевіч, які вярнуўся на радзіму з Польшчы, асуджаны на 7 гадоў калоніі, паведамляюць праваабаронцы. Яго абвінавацілі ў наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання супрацоўніку міліцыі.
Паводле следства, у жніўні 2020 года ў Баранавічах 35-гадовы мужчына здзейсніў наўмысны наезд на міліцыянера. У выніку супрацоўніку былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні, з якімі яго шпіталізавалі ў бальніцу.
Лінкевіч быў абвешчаны ў вышук. Ён знаходзіўся ў Польшчы. 5 траўня 2020 года ён вярнуўся ў Беларусь і адразу быў затрыманы.
Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў Лінкевічу 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Гэта не першы выпадак, калі беларусы, з'ехаўшыя з краіны пасля падзей 2020 года, па вяртанні трапляюць пад крымінальны ці адміністратыўны пераслед. Напрыклад, у студзені на пахаванне бацькі — вядомага бізнесоўцы з вёскі Камарова — ехаў яго сын з Рыгі. Ён быў арыштаваны прама на мяжы. Ілля Вайцяховіч адбыў 15 сутак на Арэсціна. Але ёсць больш сумныя гісторыі, калі затрыманыя, што рызыкнулі вярнуцца ў Беларусь, трапляюць у турму на годы.
Вяртацца на Радзіму не аднойчы заклікаў беларусаў Аляксандр Лукашэнка. "Я не супраць: хто ў турму, хто куды — хто што заслужыў", — у чэрвені заявіў беларускі кіраўнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.