“Беларусь яшчэ не роўна Расія”: ці пусцяць беларускую зборную на Еўра-2024

Лагатып Еўра-2024 у Германіі / UEFA Euro 2024 Official Intro
Лагатып Еўра-2024 у Германіі / UEFA Euro 2024 Official Intro

УЕФА адмаўляецца адхіляць зборную Беларусі ад адбору на чэмпіянат Еўропы ў 2024 годзе. Прэзідэнт гэтай футбольнай арганізацыі Александэр Чэферын лічыць, што прапанова вышпурнуць усіх вон з’яўляецца “троху папулісцкай”.

Такім чынам, ёсць імавернасць, што ў 2024 годзе беларусы вернуцца на міжнародную арэну?

— Я думаю, што гэта такая ўзважаная палітыка УЕФА. Сам Чэферын фактычна намякае, што Беларусь сёння яшчэ не роўна Расія, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін. — Што пытанне ўдзелу Беларусі ў кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы далей будзе залежаць ад паводзін беларускіх уладаў. Уступяць яны ў вайну ці ўстрымаюцца ад яе.

Бачна, што ёсць усё ж такі нейкае разуменне, што, магчыма, варта Беларусь — футбольную зборную, — трымаць у вектары заходняй цывілізацыі. Што мы бачым зараз? Першае — падставы для адхілення і Беларусі, і Расіі аднолькавыя. Але Расію адхіляюць, а Беларусь не адхіляюць. Узнікае пытанне: чаму зборная Беларусі і Беларуская федэрацыя футбола не выказалі ніякай салідарнасці федэрацыі футбола Расіі? Бо яны падпісалі на ўзроўні Міністэрства спорту тры дамовы. Аб супрацы, аб узаемадзеянні, аб падтрымцы і гэтак далей. Па гэтай логіцы Беларуская федэрацыя футбола і зборная павінны былі выказаць нейкую салідарнасць. Сказаць “ну калі адхілілі нашых саюзнікаў, нашых сяброў, братушак, то і мы тады не будзем выступаць”. Але ніводнага акта, знака салідарнасці мы не ўбачылі. Гэта цікавы момант.

— Важна яшчэ другое, што зборная Беларусі, як ні круці, будзе гуляць матчы на тэрыторыі краін Еўропы (я не кажу пра краіны Еўрасаюза). І матчаў, напрыклад, у Казані ўжо не будзе. І тут ужо будзе ўзнікаць пытанне ў тых жа самых гульцоў, функцыянераў з расійскай федэрацыі футболу: чаму так адбываецца? Чаму беларусы спакойна ездзяць, гуляюць, а мы не гуляем?

Гэта, на мой погляд, стварае такі пэўны цывілізацыйны раскол. Магчыма, погляд УЕФА на гэту сітуацыю такі: лепей мы будзем трымаць Беларусь у еўрапейскім цывілізацыйным вектары, а не ставіць яе ў адзін шэраг з Расіяй, — падсумоўвае Аляксандр Апейкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі