Беларуса падазраюць у серыі згвалтаванняў у Расіі
Беларуса затрымалі за згвалтаванні ў Расіі / pexels.com, ілюстрацыйнае фота
33-гадовага ўраджэнца Віцебскай вобласці падазраюць у серыі згвалтаванняў, учыненых у Расіі, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Гаворка ідзе пра выпадкі, якія адбыліся ў 2020 годзе ў горадзе Каралёў. Увечары 31 жніўня 21-гадовая дзяўчына ішла на працу міма ляснога масіву. У нейкі момант на яе напаў невядомы мужчына, які збіў і згвалтаваў яе.
25 кастрычніка таго ж года мужчына напаў на сямейную пару, якая выгульвала сабаку. Ён жорстка збіў іх, а пасля зацягнуў жанчыну ў лес і згвалтаваў.
Следчыя прыйшлі да высновы, што напады ўчыніў адзін і той самы чалавек, бо злачынствы мелі падобны "почырк": ахвяр жорстка збівалі, злачынствы здзейсненыя ў адным месцы. Таксама пацярпелыя падчас допытаў паведамілі, што ў абодвух выпадках нападнік ездзіў на ровары і выдаваў сябе за супрацоўніка паліцыі.
Следчыя высветлілі, што да нападаў мае дачыненне 33-гадовы ўраджэнец Віцебскай вобласці. Мужчына хаваўся ад следства. Улетку 2023-га расійскія паліцыянты перадалі матэрыялы ў Беларусь, пасля чаго міліцыянты знайшлі падазраванага і затрымалі яго.
Яму выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 166 (згвалтаванне) і ч. 1 арт. 167 (іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя насуперак волі пацярпелай з ужываннем гвалту і пагрозай яго прымянення) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Падазраванага ўзялі пад варту. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.