Беларусам прапануюць дадаткова прафінансаваць выбары
Выбары
Цэнтрвыбаркам Беларусі адкрыў пазабюджэтны фонд для дадатковага фінансавання выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў.
Беларусам і юрыдычным асобам прапануюць дадаткова "скінуцца" на выбары дэпутатаў.
"Юрыдычныя асобы і грамадзяне, якія жадаюць прыняць удзел у дадатковым фінансаванні выбарчай кампаніі, могуць унесці грашовыя сродкі ў пазабюджэтны фонд шляхам іх пералічэння на бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак ЦВК Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні ЦВК.
Сродкі з гэтага фонду плануецца выкарыстоўвацца для аплаты дадатковых выдаткаў, звязаных з выбарамі: выраб бланкаў дакументаў, інфармацыйных плакатаў, плакатаў з датай выбараў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій.
На 25 лютага 2024 года прызначаныя выбары адначасова ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў. Прозвішчы сябраў камісій на ўчастках вырашана засакрэціць — "у мерах бяспекі". Парог яўкі выбарцаў на гэтыя выбары адменены.
Праваабаронцы заяўляюць, што выбарчая кампанія пачынаецца ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій, фактычнай адсутнасці свабоды слова, мірных сходаў і асацыяцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.