“Беларусаў па вяртанні з Данбаса не будуць лячыць ад стрэсу, а пасадзяць”

Цалкам размову з Дзмітрыем Шчыгельскім можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Шчыгельскі — беларускі доктар-псіхіятр, аўтар скандальнага артыкула “Гісторыя хваробы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі”, у 2001 годзе з’ехаў у ЗША, дзе атрымаў палітычны прытулак.

Еўрарадыё: Якім чынам вы з ЗША апынуліся ва Украіне, у зоне АТА — вам часам не Пентагон “купіў” квіток?

Дзмітрый Шчыгельскі: Пентагон тут ні пры чым. Хоць я і не быў бы супраць, каб ён мне хаця б квіток набыў. Але апынуўся я тут усё ж інакш: праз беларуса Андрэя Стрыжака, які займаецца валанцёрскай дапамогай Першаму добраахвотнаму мабільнаму шпіталю імя Пірагова, я спісаўся са шпіталем, яны запатрабавалі ад мяне дакументы аб кваліфікацыі, і ўсё — набыў за ўласныя грошы квіток і прыляцеў у Кіеў. Адтуль — у Днепрапятроўск, дзе прайшоў трэнінг і пачаў службу ў шпіталі. Нічога складанага няма. Выбраў менавіта гэты шпіталь, бо з ім супрацоўнічаюць беларусы, дапамагаюць яму.

Еўрарадыё: Акурат перад нашай размовай прачытаў на старонцы ў ФБ слова вядомай украінскай валанцёркі Ксеніі Быкавай пра тое, што ва Украіне цяпер катастрафічна не хапае крызісных псіхолагаў — для працы з вайскоўцамі, што вярнуліся з зоны баявых дзеянняў. Гэта сапраўды так?

Дзмітрый Шчыгельскі: Не, крызісныя псіхолагі ва Украіне ёсць. І ўвогуле, псіхолагаў хапае. Іншае пытанне, якая ў іх кваліфікацыя.  Яшчэ аспект: ці створаная сістэма для такой працы з вайскоўцамі? Але галоўнае пытанне і праблема ў тым, што не хапае нармальнай дзяржаўнай структуры, праграмы, якая б такой дапамогай займалася, каардынавала. Якая б прапанавала стандарты, пратаколы, трэнінгі, сертыфікацыю і гэтак далей.

Еўрарадыё: Якая, на вашу думку, галоўная праблема вайскоўцаў, што бралі ўдзел у баявых дзеяннях?

Дзмітрый Шчыгельскі: Праблем у вайскоўцаў шмат і яны залежаць шмат ад чаго: якое гэта падраздзяленне, дзе яно знаходзіцца, які там камандзір, гэта мабілізаваны салдат ці добраахвотнік, якая ў яго матывацыя і гэтак далей. Назваць асноўную праблему вайскоўцаў вельмі складана. Але адна з галоўных, на маю думку, праблем у тым, што цяпер ва ўкраінскіх СМІ пайшла хваля публікацый на тэму посттраўматычнага стрэсавага расстройства. І большасць гэтых публікацый сцвярджаюць, што практычна ўсе, хто браў удзел у баявых дзеяннях, маюць праблемы з псіхікай. Гэта некарэктная інфармацыя. Такая праблема, гэтае расстройства, паводле інфармацыі амерыканцаў па выніку в’етнамскай вайны, сустракаецца ў 20% тых, хто браў удзел у баявых дзеяннях. Магчыма, нават у меншай колькасці. Чаму гэта праблема так накручваецца ва ўкраінскім грамадстве, пытанне іншае. Хутчэй гэта ўнутраныя разборкі. Звязаныя з тым, што, як мне падаецца, у грамадстве мяняецца стаўленне да палітыкаў і тых, каго лічаць лідарамі думак. А людзі, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях, маюць добры патэнцыял у палітыцы ў будучыні. І таму іх спрабуюць дыскрэдытаваць. А з большасці матэрыялаў на гэтую тэму вынікае, што чалавек, які браў удзел у баявых дзеяннях, — нейкі псіхічны інвалід, агрэсіўны, некіраваны, сацыяльна небяспечны, ад якога лепш трымацца далей.

Еўрарадыё: А гэта не так?

Дзмітрый Шчыгельскі: Першае — гэта не больш за 20%. Другое: нават гэтыя 20% добра лекуюцца. Пытанне ў тым, ці будзе створаная дзяржаўная праграма лячэння і на якіх прынцыпах. Ёсць амерыканская мадэль лячэння такіх людзей, ёсць ізраільская, а ва Украіне цяпер ніякай мадэлі, на жаль, няма. За Януковічам медычная служба была значна скарочаная. Асабліва гэты тычыцца псіхіятраў, псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў. Цяпер даводзіцца ўсё адбудоўваць з нуля, што патрабуе не толькі часу і матэрыяльных рэсурсаў, але і рэсурсаў інтэлектуальных, арганізацыйных, палітычных і бюракратычных.

Еўрарадыё: Які сёння псіхалагічны настрой у вайскоўцаў у зоне АТА?

Дзмітрый Шчыгельскі: Сама сітуацыя людзей напружвае. Стаўленне такое: калі ваяваць, то ваяваць, калі заключаць мір, то заключаць мір. А цяпер ні тое, ні другое не атрымліваецца. Але вяртаючыся да вайскоўцаў з посттраўматычным стрэсавым расстройствам... Журналісты часцей асвятляюць гэта з двух бакоў: альбо праблемы няма зусім, альбо канец свету. Праблема ёсць, але гэта не канец свету! Канечне, тыя 20%, пра якія мы гаварылі, праблема для грамадства, але гэта праблема вырашаецца спецыяльнай дзяржаўнай праграмай.

Еўрарадыё: Найхутчэй ва Украіне такая праграма будзе створаная, бо ў Міністэрстве абароны вядомая нам Таццяна Рычкова менавіта гэтым займаецца. Але ж ва Украіне ваююць і беларусы: ці стануць яны па вяртанні на радзіму праблемай для беларускага грамадства з улікам таго, што ў нас спецыяльнай праграмы па рэабілітацыі людзей з такім расстройствам няма?

Дзмітрый Шчыгельскі: Калі беларускае грамадства не зменіцца і палітычная сітуацыя будзе такая, як цяпер, то тое, што іх чакае на радзіме, — сядзець на зоне. Адпаведна, і для грамадства ніякіх пытанняў не ўзнікне, бо гэтыя людзі і так будуць ізаляваныя. Калі ж змены ў краіне будуць, то гэта невялікія грошы — зрабіць для гэтых людзей адпаведную праграму рэабілітацыі.

Еўрарадыё: Пра беларускіх добраахвотнікаў і іх нечаканыя праблемы са знаходжаннем на тэрыторыі Украіны — грамадзянства гэтым людзям не даюць, і ў іх узнікаюць праблемы з міграцыйнай службай. Вы днямі гэтую тэму абмяркоўвалі з дэпутатам Вярхоўнай Рады Алегам Барнай — сітуацыя вырашальная?

Дзмітрый Шчыгельскі: Законапраект, закліканы вырашыць гэтую сітуацыю, знаходзіцца ў Радзе на другім чытанні. На гэтым пытанні не трэба спекуляваць — трэба яго лабіраваць на ўсіх узроўнях і пры любой магчымасці. Алег Барна прыязджаў у шпіталь, сустракаўся з параненымі і медыкамі. Я падышоў і спытаўся, ці магу з ім сфатаграфавацца на фоне беларускага сцяга. І ён адразу пацікавіўся: “Дзяржаўнага ці нацыянальнага?” Як бачна, ён розніцу разумее вельмі добра, у адрозненне ад большасці ўкраінцаў. Ён паціснуў мне руку, мы сфатаграфаваліся, і пасля я ўзняў у размове з ім тры тэмы: беларускіх і не толькі добраахвотнікаў, пытанне Жызнеўскага і праблему рэабілітацыі ўдзельнікаў АТА. Ён паабяцаў імі заняцца.

Еўрарадыё: Па вашых назіраннях, як змянілася цягам апошняга часу ўкраінскае грамадства?

Дзмітрый Шчыгельскі: Яно стала больш палітычна адукаваным і палітычна свядомым. З іншага боку, менавіта цяпер яно стала ў пэўнай ступені палітычна пасіўным. Бо адбылася страта ідэалаў і рамантычна-дзіцячага стаўлення да палітыкі. Найхутчэй у будучыні той жа шлях чакае і беларускае грамадства. Людзі робяцца больш свядомымі, больш разважлівымі, больш адукаванымі. Я спадзяюся, што праз некаторы час гэтыя змены ў ментальнасці прывядуць да зменаў якасці.

Еўрарадыё: І калі ж гэтых змен у беларускім грамадстве, на вашу думку, чакаць, што да іх можа падштурхнуць?

Дзмітрый Шчыгельскі: Ніякае грамадства ніколі ні ў які бок не хоча змяняцца. Але абставіны прымушаюць. І гэтыя абставіны носяць аб’ектыўны характар. Мне цяжка прагназаваць, калі, але развіццё падзей у рэгіёне і Еўропе ўвогуле прымусіць не толькі беларускае, але і еўрапейскае, і расійскае грамадства змяняцца. Найперш следам за расійскім грамадствам пачнуцца змены ў грамадстве беларускім. Тут і эканамічныя падставы, і тое, што адбываецца з культурай і ментальнасцю, падштурхоўвае да зменаў, і іншага выйсця няма. Тое, што адбываецца цяпер ва Украіне. Украінскі вопыт вельмі каштоўны для беларусаў, бо мы можам не паўтараць многіх памылак, якія зрабілі ўкраінцы.

Еўрарадыё: Якую памылку ўкраінцаў вы лічыце галоўнай — можа, Майдан?

Дзмітрый Шчыгельскі: Усеагульнае выбарчае права. Я ведаю, што за гэта мяне назавуць фашыстам, але ўсеагульнае выбарчае права — гэта дэфект дэмакратыі, які яе і заб’е. І вера ў тое, што ўсеагульнае выбарчае права — гэта каштоўнасць і яно абсалютна неабходнае. Я так не лічу. Я лічу, што выбарчае права павіннае быць толькі ў тых людзей, якія адказна ставяцца да гэтага права. Чалавек, які атрымлівае ад дзяржавы хоць на капейку больш рознымі датацыямі і дапамогамі, чым дае дзяржаве ў выглядзе падаткаў, не мае права выбіраць.

Еўрарадыё: Вярнуся да вашых слоў пра змены ў беларускім грамадстве следам за грамадствам расійскім: у расійскім грамадстве ўжо адбываюцца змены — рост шавіністычных і імперскіх настрояў. Якіх у сувязі з гэтым чакаць зменаў у беларускім грамадстве?

Дзмітрый Шчыгельскі: Такіх жа зменаў. Але я больш спадзяюся не на змены, звязаныя з палітыкай, а на змены, звязаныя з эканомікай. Імперыі развальваюцца не таму, што іх заваёўваюць, — імперыі развальваюць гандляры.

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што менавіта неабходнасць супрацьстаяць “рускаму свету”, у тым ліку і са зброяй у руках, прымушае украінцаў адчуваць сябе ўкраінцамі — гэта сапраўды так? А што можа прымусіць беларусаў адчуць сябе беларусамі?

Дзмітрый Шчыгельскі: Калі казаць пра Украіну, то ў значнай ступені гэта сапраўды так. Але я заўжды раздзяляю грамадства ўвогуле і пасіянарную яго частку. Якая заўжды меншасць, але якая з’яўляецца стваральнікам гісторыі нацыі і таго, што адбываецца з дзяржавай. Калі браць гэтую пасіянарную частку, то сённяшняя сітуацыя сапраўды прымушае яе адчуць сябе ўкраінцамі. Калі ж казаць пра тое, што прымусіць беларусаў адчуць сябе беларусамі ў поўным сэнсе гэтага слова, — эканамічны крызіс у Расіі. Дакладней, гэта адбудзецца, калі абставіны вымусяць беларусаў абапірацца на свае ўнутраныя, а не на знешнія, найперш з Расіі, рэсурсы. Тады пачнуцца нейкія змены.

Фота: З архіву Дзмітрыя Шчыгельскага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі