Беларускага добраахвотніка ва Украіне асудзілі за хуліганства са зброяй
Любарскі суд Жытомірскай вобласці
Любарскі раённы суд Жытомірскай вобласці за хуліганства з выкарыстаннем зброі асудзіў грамадзяніна Беларусі — вайскоўца Замежнага легіёна (падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню разведкі Мінабароны Украіны).
Нашаму суайчынніку прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на адзін год, перадае Радыё "Свабода". Таксама ён павінен выплаціць 12 116 грыўняў (прыблізна 300 долараў у эквіваленце) за экспертызы, што праводзілі ў рамках следства. Паведамляецца, што беларусу прызначылі мінімальнае пакаранне. Ён цалкам прызнаў сваю віну, выказаў шкадаванне пра свой учынак і шчыра пакаяўся.
Ва ўкраінскім войску беларус служыць з красавіка 2022 года. Ён пайшоў на службу добраахвотнікам. На момант затрымання мужчыну было 37 гадоў, да вайны ён разам з жонкай, грамадзянкай Украіны, і малалетняй дачкой жыў у Кіеве. За ўдзел у баях наш суайчыннік атрымаў узнагароду Мінабароны Украіны.
Паведамляецца, што 11 снежня 2023 года мужчына напаў на ўласніка гатэля "Золоте Руно" ў сяле Стары Любар Жытомірскага раёну Жытомірскай вобласці. Ён пабіў уласніка гатэля і пагражаў яму зброяй. Таксама гаворыцца, што добраахвотнік тройчы страляў у паветра з табельнага пісталета Glock-17. Следчыя заяўлялі, што беларус быў нецвярозы.
Сам мужчына кажа, што на пад’ездзе да пасёлка Любар у яго зламаўся аўтамабіль, які адбуксавалі да гатэля. Мужчына заплаціў за нумар, але той быў непрыбраны. Ён папрасіў супрацоўніка гатэля перасяліць яго ў іншы нумар, а той выклікаў уласніка. Гаспадар нібыта паставіўся да яго з пагардай, і беларус яго адштурхнуў. На вуліцы, як кажа добраахвотнік, гаспадар гатэля пачаў яму пагражаць і нешта шукаць у кішэнях сваёй курткі. Тады беларус дастаў пісталет і тры разы стрэліў у паветра. Такім чынам ён планаваў спыніць эскалацыю канфлікту. Мужчына заяўляў следчым, што канфлікт быў справакаваны гаспадаром гатэля, а сам ён толькі рэагаваў на абразы і адчуванне пагрозы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.