Беларускага дырыжора звольнілі з Адэскай оперы за фота з мужам Ганны Нятрэбка

Вячаслаў Чарнуха-Воліч / фота з асабістага архіву
Вячаслаў Чарнуха-Воліч / фота з асабістага архіву

Беларускага дырыжора Вячаслава Чарнуху-Воліча звольнілі з пасады галоўнага дырыжора Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Прычынай стала яго фота з новым дырэктарам Бакінскай оперы. Ён выявіўся мужам спявачкі Ганны Нятрэбка, якая ва Украіне знаходзіцца пад санкцыямі за падтрымку расійскай агрэсіі, піша zerkalo.io.

Чарнуха-Воліч быў галоўным рэжысёрам Адэскай оперы з 2019 года. У жніўні 2020-га ён па сумяшчальніцтве стаў галоўным дырыжорам Вялікага тэатра ў Мінску. Але праз два дні з мінскага тэатра яго звольнілі па палітычных матывах.

8 красавіка 2023-га Чарнуха-Воліч выступаў як запрошаны дырыжор на спектаклі "Багема" ў Нацыянальнай оперы Баку. Пасля ў сацсетках з'явіліся фатаздымкі: артысты сфатаграфаваліся з дырыжорам і дырэктарам тэатра. Дырэктар Бакінскай оперы Юсіф Эйвазаў — муж расійскай опернай спявачкі Ганны Нятрэбка. Ва Украіне яна трапіла пад санкцыі за фінансавую дапамогу самаабвешчанай ДНР пасля 2014 года і падтрымку расійскага рэжыму.

Дырэктарка Адэскай оперы Надзея Бабіч паведаміла журналістам, што Чарнуха-Воліч паехаў у Баку па запрашэнні яшчэ ранейшага дырэктара тэатра, з якім супрацоўнічаў шмат гадоў. Эйвазава ж прызначылі літаральна за дзень да выступу. Яна асудзіла ўдзел Чарнухі-Воліча ў такой пастаноўцы і звольніла яго, заявіўшы, што гэта рэпутацыйныя страты тэатра.

Сам дырыжор расказаў журналістам, што сапраўды ехаў у Баку па запрашэнні мінулага дырэктара мясцовай оперы. Пра звальненне папярэдняга дырэктара ён даведаўся па прыездзе, а пра новага дырэктара — у дзень спектакля. Чарнуха-Воліч кажа, што адмовіцца ад выступу ён ужо не мог.

Дырыжор падкрэслівае, што не мае звестак пра тое, каб Эйвазаў падтрымліваў вайну ва Украіне. Сам ён пазнаёміўся з новым дырэктарам Бакінскай оперы, толькі калі той выйшаў на сцэну, і ніякіх кантактаў раней не меў.

"Калі гаворка пра жонку Юсіфа Эйвазава, то ў нас сын за бацьку і муж за жонку не адказвае. Ёсць прэзумпцыя. Я не бачыў публічных заяваў новага кіраўніка Бакінскай оперы пра ягоную падтрымку вайны ва Украіне. У той жа час у пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён напісаў у сацсетках, што асуджае любую вайну і ў яго ва Украіне шмат сяброў", — патлумачыў Чарнуха-Воліч.

Ён дадаў, што пры запрашэнні ставіў умовай, што не будзе граць музыку расійскіх кампазітараў і супрацоўнічаць з расійскімі артыстамі. У Баку з гэтымі ўмовамі пагадзіліся і выконвалі.
 

Беларускага дырыжора звольнілі з Адэскай оперы за фота з мужам Ганны Нятрэбка

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі