Беларускаму палітвязню дадалі да тэрміна яшчэ паўгода
Беларускаму палітвязню 31-гадоваму Уладзіміру Ганчарову дадалі да тэрміна яшчэ паўгода. Яго пакаралі за каментар пра сілавіка з Горак, змешчаны ў адным з "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў (яго палічылі "абразай"). Крымінальную справу разглядаў суд Ленінскага раёна Магілёва (суддзя — Аксана Ратнікава). 1 лютага Ганчароў быў асуджаны на два гады "хіміі". Сваёй віны ён не прызнаў.
Раней Уладзімір Ганчароў быў асуджаны ў Брэсце на 1,5 года калоніі па "карагоднай справе" — удзеле ў вулічнай акцыі пратэсту ў верасні 2020-га. Шляхам частковага складання пакаранняў канчатковы тэрмін пакарання для палітвязня — 2 гады калоніі агульнага рэжыму.
Нядаўна падобная сітуацыя была і з палітзняволенай Вольгай Класкоўскай. У канцы 2020-га яна была асуджана за ўдзел у пратэстах на два гады калоніі агульнага рэжыму і адбывала тэрмін у гомельскай калоніі. Аднак за каментар пра брэсцкага міліцыянера Класкоўскую асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі". Шляхам складання тэрмінаў у выніку прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.