Беларускаму войску абяцаюць, што яно не будзе выконваць "жандарскія функцыі"

На мінулым тыдні Мінск і Масква пасварыліся з-за пытання магчымай адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у "гарачыя кропкі"  Еўрарадыё перачытала публікацыі друкаваных і электронных СМІ на тэму магчымага з'яўлення ў недалёкай будучыні беларускіх вайскоўцаў у "гарачых кропках". Шлях да гэтага, нібыта, адчыніла маскоўская дамова, пад якой падпісаўся і кіраўнік Беларусі.  

Нагадаем, дамову аб стварэнні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання 4 лютага падпісалі прэзідэнты Расіі, Беларусі, Арменіі, Кіргізіі, Казахстана, Таджыкістана і Ўзбекістана. Месцам дыслакацыі аператыўных сілаў прызначаныя дзве дывізіі паветрана-дэсантных войскаў у Іванаўскай і Ульянаўскай абласцях Расіі. Аднак у "мірны час" там будуць толькі расійскія аддзелы, беларускія, армянскія і іншыя падраздзяленні будуць дыслакавацца на сваіх тэрыторыях і пад сваім камандаваннем.

Спачатку недзяржаўныя беларускія СМІ звярнулі больш увагі на пагадненне па стварэнні аб'яднанай сістэмы Супрацьпаветранай абароны. Дзяржаўныя выданні змяшчалі пераважна афіцыёз. Так, прыкладам, зрабіла ўрадавая "Рэспубліка", якая абмежавалася перадрукам паведамлення БЕЛТА пра стварэнне КСАР без тлумачэнняў і каментароў. А вось орган адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" выклала версію, якой пасля, дарэчы, прытрымліваўся ў сваіх заявах беларускі МЗС:

"У КСАР увойдуць ужо існуючыя Калектыўныя сілы хуткага рэагавання Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна, на заходнім накірунку за бяспеку будзе адказваць беларуска-расійская групоўка войскаў... Па-першае, рашэнні аб іх ужыцці будуць прымацца кансенсусам. Гэта значыць, у кожнай краіны будзе права вета. Па-другое, падраздзяленні, вылучаныя для ўдзелу ў КСАР, усё роўна застаюцца пад нацыянальнай юрысдыкцыяй. З гэтымі двума... падставовымі прынцыпамі ўсё зразумела ўжо цяпер".


Аднак аказалася, што не ўсё і не ўсім зразумела. Давялося Міністэрству замежных спраў нашай краіны зрабіць заяву, у якой тлумачылася:

"Рэальны ўдзел Беларусi ў Калектыўных сiлах аператыўнага рэагавання АДКБ будзе забяспечвацца, як, урэшце, i забяспечваўся да гэтага часу, сiламi беларуска-расiйскай сумеснай групоўкi войскаў на заходняй зоне адказнасцi АДКБ".

А прэс-сакратар МЗС нашай краіны Андрэй Папоў дадаў, што ўдзел беларускiх вайскоўцаў у "гарачых кропках" за межамi рэспублiкi забаронены заканадаўствам Беларусi, інфармуе БЕЛТА.

Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё пагаварыла з прэс-сакратаром Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы Віталём Стругаўцом. Ён адзначыў, што, паводле маскоўскіх дамоваў, у выпадку "крызіснай сітуацыі" беларускія вайскоўцы могуць патрапіць у "гарачыя кропкі":

"Дакумент падпісаны Аляксандрам Рыгоравічам, а там гаворыцца, што ў выпадку неабходнасці будуць унесеныя змены ў нацыянальнае заканадаўства. Адпаведна, гэты пункт, спадзяемся, таксама будзе выконвацца. А на сённяшні дзень заканадаўства рэспублікі забараняе, Андрэй Папоў абсалютна правільна сказаў".

Расійская газета "Коммерсант" удакладняе, што Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся не толькі на стварэнне КСАР, але і на ўдзел у іх беларускага кантынгента колькасцю 2000 чалавек.

Наступную гучную заяву зрабіў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў. Ён адрэагаваў на выказванне на прэс-канферэнцыі ў Мінску расійскага амбасадара Аляксандра Сурыкава. Дыпламат не толькі агучыў цану на расійскі газ для Беларусі ў першым квартале, якую дагэтуль хавае афіцыйны Мінск, але і не выключыў "паўнавартаснага фармату ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у КСАР".

Сурыкаў адзначыў, што міждзяржаўныя пагадненні і дамовы "вышэйшыя за нацыянальнае заканадаўства". Мартынаў жа параіў расійскаму амбасадару "не забягаць наперад" у пытанні фармату ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання.

У эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала міністр замежных спраў заявіў:

"Хачу падкрэсліць, што як нашыя хлопцы не ваявалі ў "гарачых кропках", так і не будуць ваяваць. Усе нашы законы будуць няўхільна выконвацца, тут ні ў каго сумненняў не павінна быць".


Па словах Мартынава, беларускія ўзброеныя сілы могуць выкарыстоўвацца ў складзе КСАР толькі ў зоне сваёй адказнасці - на тэрыторыі Беларусі. 

Гэтае яго выказванне актыўна абмяркоўвалася блогерамі. Адзін з іх, kauboj, нагадаў артыкул 12 закона "Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь", паводле якога якраз міжнародныя дамовы Беларусі ўплываюць на рашэнне пра адпраўку вайскоўцаў "для выканання міжнародных абавязацельстваў дзяржавы". Таму, на яго думку, "спасылка Мартынава на унутранае заканадаўства тут недарэчная".

Апошнюю кропку ў дыскусіі вырашыў паставіць Аляксандр Лукашэнка. Падчас наведвання Ліды 10 лютага ён зрабіў шэраг гучных заяваў, у тым ліку і наконт удзелу беларускіх вайскоўцаў у КСАР:

"Яны заяўляюць, што суверэнітэт прадаў, людзей у "гарачыя кропкі" адправіў. Мяне заўсёды ў гэтым папракалі. Але хоць адно дзіця, ці ваш блізкі чалавек паехаў у гэтыя вашы "гарачыя кропкі". Ніводзін".

А ў пятніцу з'явілася заява генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы пра тое, што калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання ні ў якім разе не будуць выконваць "жандарскія функцыі". Яны не прызначаныя для рашэння ўнутрыпалітычных праблемаў, якія могуць узнікнуць у дзяржавах-удзельніцах Арганізацыі, заявіў генсек у інтэрв'ю "Інтэрфаксу".

Дарэчы, МЗС Расіі днямі адзначыў, што беларускія вайскоўцы "зусім верагодна змогуць удзельнічаць не ў баявых дзеяннях, а ў дапаможных аперацыях, напрыклад, у тылавым забеспячэнні". Праўда, у той жа публікацыі "Коммерсант" прывёў меркаванне, што Лукашэнка можа "забыцца" пра падпісаную дамову пасля атрымання ад Расіі "чарговых фінансавых прэферэнцый"...


Фота - bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі