Беларуская праваслаўная царква збіраецца эксгумаваць мошчы святой

Беларуская праваслаўная царква збіраецца эксгумаваць мошчы святой

Напрыканцы лістапада Беларуская праваслаўная царква заявіла, што ў бліжэйшы час разлічвае адкрыць мошчы блажэннай Валянціны Мінскай. Святая пахаваная на могілках у вёсцы Крысава Дзяржынскага раёна.

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт мінскі і заслаўскі Павал нібыта неаднаразова чуў ад вернікаў просьбы адкрыць мошчы святой. Наколькі такія дзеянні легальныя ў Беларусі? Ці можа царква правесці эксгумацыю і выкарыстоўваць чалавечыя астанкі ў выглядзе "святых мошчаў"?

Прадстаўнік аднаго з пахавальных бюро кажа, што працэдура эксгумацыі юрыдычна вельмі марудная, трэба мноства ўзгадненняў і дазволаў ад розных інстанцый: "Спачатку ўзгадніць гэта з мясцовымі ўладамі, потым атрымаць дазвол ад рэгіянальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, пасля атрымаць дазвол на работы зноў у мясцовых уладаў, пры гэтым трэба будзе паведаміць у праваахоўныя органы пра час правядзення эксгумацыі. Сама працэдура павінна праводзіцца прафесійнымі спецыялістамі".

Пры гэтым нідзе ў законе "Аб пахаванні і пахавальнай справе" не пазначана, што "святасць" пахаванага чалавека з'яўляецца важнай прычынай для яго эксгумацыі. Таксама нідзе не пазначана, што чалавечыя астанкі могуць выкарыстоўвацца як "святыя мошчы".

У апараце упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў заявілі, што не займаюцца пытаннямі эксгумацыі мошчаў.

У Станькаўскім сельсавеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца магіла святой Валянціны Мінскай, кажуць што ніякіх зваротаў або указанняў наконт эксгумацыі не атрымлівалі:

"Нас пакуль ніхто ў вядомасць пра гэта не ставіў. Ніякай інфармацыяй на гэты конт не валодаем. Мы не атрымлівалі ніякіх зваротаў і паведамленняў ад царквы наконт эксгумацыі магілы".

Як стала вядома Еўрарадыё, Мінская епархія цяпер збірае подпісы для звароту да мясцовых уладаў, каб тыя дазволілі эксгумацыю.

Блажэнная Валянціна Мінская (народжаная Валянціна Сулкоўская) была кананізаваная царквой, як мясцовая святая 6 лютага 2006 годзе — роўна праз 40 гадоў пасля смерці. Яна першая ў гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы, прылічаная да ліку святых у чыне блажэннай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі