Беларускі пасол: Палітыкі Літвы кажуць, што супраца з Беларуссю непажаданая
Шэраг літоўскіх палітыкаў і кіраўнікоў ведамстваў заяўляюць, што супраца з Беларуссю непажаданая. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "Літоўскі кур'ер" распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль, перадае БЕЛТА.
Амбасадар высока ацаніў супрацу беларускіх прадпрыемствам з Клайпедскім портам. "Аднак мы з сумам канстатуем заявы шэрагу літоўскіх палітыкаў і кіраўнікоў ведамстваў аб непажаданасці супрацоўніцтва з Беларуссю, а таксама рэкамендацыі "больш стараннага выбару бізнэс-партнёраў і пастаўшчыкоў". Магчыма, кагосьці не задавальняюць нашы прадпрыемствы, і яны не жадаюць бачыць іх у порце ці не хочуць прызнаваць іх унёсак у агульныя дасягненні?" — задаецца рытарычнам пытаннем Аляксандр Кароль.
Па яго словах, беларускія прадпрыемствы ўважліва прыслухоўваюцца да такіх рэкамендацый, таму ў іх узнікаюць заканамерныя пытанні, наколькі даўгавечнымі могуць быць узаемаадносіны пры такіх заявах і падыходах.
Дыпламат падкрэсліў, што перавалка грузаў праз Клайпедскі порт паказвае станоўчую дынаміку. Па выніках 2016 года праз гэты порт было перавалена 40,14 млн тон — гэта найлепшы вынік у гісторыі порта. А ўжо сёлета ў гэтай сферы можы быць пастаўлены новы рэкорд. Пры гэтым доля беларускіх грузаў, якія праходзяць праз Клайпеду, апошнія пяць гадоў нязменна перавышае 30%.
Прадстаўнік Беларусі звярнуў увагу на тое, што Беларусь можа пераарыентаваць свае тавары ў іншыя парты. "Нашы прадпрыемствы рэгулярна атрымліваюць цікавыя прапановы. Не схаваю, зыходзяць яны і ад латвійскіх, і ад расійскіх партоў. Таму ў гэтым выпадку першачарговае значэнне мае стаўленне пастаўшчыка паслуг да свайго кліента, умовы, якія ён прапануе, ступень яго зацікаўленасці ў пачатку/працягу супрацоўніцтва і г.д.", — абазначыў сваю пазіцыю дыпламат.