Беларускі прэм'ер прапанаваў краінам СНД адмовіцца ад долара і еўра

Беларускі прэм'ер прапанаваў краінам СНД адмовіцца ад долара і еўра

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка прапанаваў краінам СНД адмовіцца ад разлікаў у доларах і еўра. У пятніцу ён удзельнічаў у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў Садружнасці, якое праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Галоўчанка лічыць, што адмова ад долара і еўра дазволіць павялічыць аб'ём узаемнага гандлю. "Дамагчыся забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту ва ўмовах абвешчанай нам эканамічнай вайны будзе немагчыма без вырашэння адной з сістэмаўтваральных задач — максімальнага сыходу ад узаемаразлікаў у доларах і еўра, — гаварыў ён. — Гэта дасць магчымасць не толькі павялічыць трансгранічныя разлікі, якія могуць ажыццяўляцца наўпрост паміж краінамі-ўдзельніцамі, але таксама будзе стымуляваць узаемны гандаль і абароніць экспарцёраў, імпарцёраў ад ваганняў курсаў валют трэціх краін".

Раман Галоўчанка заявіў, што ў СНД ужо практычна сфармаваная неабходная плацёжная інфраструктура для поўнага сыходу ад долара і еўра. Ён папрасіў партнёраў па Садружнасці "актывізаваць працу".

Як вядома, у СНД на сённяшні дзень уваходзяць Беларусь, Расія, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан і Малдова. Наўрад ці многія з гэтых краін гатовыя падтрымаць прапанову, агучаную з Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі