Беларускі санаторый у Крыме працу не спыняў

Санаторый "Беларусь" у крымскім Місхоры працягвае працу, перадае БелаПАН. Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі на прэс-канферэнцыі ў Мінску 14 красавіка.

Праўда, па яго словах, цяпер немагчыма забяспечыць праезд да санаторыя праз Украіну. Акрамя таго, ужо другі год санаторый не прымае беларускіх грамадзян, якія купляюць пуцёўкі за кошт рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Балбатоўскі ўдакладніў, што нашы суграмадзяне могуць купляць пуцёўкі ў санаторый за поўны кошт, у прыватнасці, праз РУП "ЦэнтрКурорт". Але па выніках сацапытання, беларусы не гатовыя ехаць у Крым трое сутак праз тэрыторыю Расіі.

Па выніках 2014 года крымскі санаторый спрацаваў без стратаў, хаця і не меў стоадсоткавай напаўняльнасці. Балбатоўскі спадзяецца, што беларусы пачнуць ездзіць у санаторый, калі ўдасца наладзіць даезд цягніком ці самалётам.

Нагадаем, што санаторый падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі прэзідэнта.

Фота — interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі