Беларускі, якія рабілі бясплатнае ЭКА ў Мінску, сутыкнуліся з праблемай
Дзіця, ілюстрацыйнае фота
Беларусак, якія праходзяць працэдуру ЭКА за кошт дзяржавы, у 2-й мінскай радзільні цяпер просяць падпісаць дадатковае пагадненне — папярэджанне, што скарыстацца замарожанымі эмбрыёнамі пры неабходнасці другой платнай спробы можна будзе толькі ў гэтай медустанове. Транспартаваць іх у іншыя клінікі не будуць. Пра гэта расказвае "Наша Ніва".
Сем'і маюць права толькі на адну спробу. За другую ўжо трэба плаціць. Часам пары для наступных платных спробаў выбіраюць прыватныя клінікі. Забраць эмбрыён — гэта магчымасць трохі зэканоміць і пазбегнуць шэрагу працэдур. На жаночых форумах выказалі здагадку, што рашэнне кіраўніцтва 2-й радзільні звязанае з тым, што ў жніўні два дактары, якія праводзілі ЭКА, пайшлі працаваць у прыватную клініку. За імі пайшла і частка жанчын, якія папрасілі транспартаваць свае эмбрыёны ў гэтую клініку. Адна з жанчын расказвае, што абмежаванне на транспартаванне эмбрыёнаў у 2-й радзільні ёй патлумачылі наступным чынам: "Шэсць тысяч за лекі і пункцыю плацілі не вы, а дзяржава". Выданне выказала здагадку, што радзільня такім чынам спрабуе мінімізаваць адток патэнцыйных платных кліентаў.
Нагадаем, магчымасць зрабіць адно ЭКА за кошт дзяржсродкаў у беларускіх жанчын з'явілася ў 2021 года. Толькі сёлета са студзеня да кастрычніка ў Беларусі выканалі 1006 цыклаў экстракарпаральнага апладнення. 401 з іх завяршыўся цяжарнасцю. Дададзім, што толькі тры медустановы ў краіне ўдзельнічаюць у гэтай праграме. Гэта Гомельскі абласны дыягнастычны медыка-генетычны цэнтр "Шлюб і сям'я", мінскі радзільны дом №2, а таксама Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.