Беларускім прадпрыемствам застаецца 3,4% выручкі. Астатняе — на пазыкі
Фота з адкрытых крыніц
Паводле дадзеных Белстата, даўгі буйных і сярэдніх беларускіх прадпрыемстваў па крэдытах і пазыках павялічыліся за месяц на 7,4%. Усяго запазычанасць перад банкамі і арганізацыямі, якія выдаюць пазыкі, склала на 1 верасня 96,8 млрд рублёў. Пратэрмінаваная запазычанасць — 2,5 млрд рублёў.
Крэдыторская запазычанасць, гэта значыць сродкі, якія прадпрыемствы павінны сваім партнёрам, у дачыненні да 1 жніўня павялічылася на 2,6% і дасягнула 59,9 млрд рублёў. Пратэрмінаваных даўгоў па крэдыторскай запазычанасці амаль 8 млрд рублёў.
Агульны аб'ём даўгоў прадпрыемстваў склаў 156,7 млрд рублёў. Пры гэтым іх выручка за студзень – жнівень павялічылася на 3,5% да адпаведнага перыяду мінулага года і дасягнула 162 млрд рублёў. Розніца паміж выручкай і даўгамі прадпрыемстваў, назапашаных за восем месяцаў, складае 3,4%.
Дэбіторская запазычанасць — тое, што павінны самім кампаніям, — павялічылася на 4% у дачыненні да 1 жніўня і склала 48,8 млрд рублёў. Пратэрмінаваная — 8,9 млрд рублёў.
Галоўныя даўжнікі — прамысловасць і Мінск
Больш за ўсё даўгоў у сталічных прадпрыемстваў — 44,2 млрд рублёў. Затым у кампаній у Мінскай вобласці — 25,4 млрд рублёў. У Брэсцкай гэты паказчык дасягнуў 9,7 млрд рублёў, у Віцебскай — 13,3 млрд рублёў. Прадпрыемствы Гомельскай вобласці павінны 25,2 млрд рублёў, Гарадзенскай — 25,4 млрд рублёў, а Магілёўскай — 13,4 млрд рублёў.
У разрэзе галін больш за ўсё павінна прамысловасць — 76,1 млрд рублёў, гэта значыць амаль палову ад агульнага аб'ёму даўгоў прадпрыемстваў. Яшчэ 20 млрд рублёў павінны будаўнічыя кампаніі, сельскагаспадарчыя — 15 млрд рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.