Беларускія апазіцыянеры: Мы не працавалі з Лебедзевым
Фігурант “Балотнай справы” ў інтэрв’ю расійскім журналістам расказаў пра невядомыя падрабязнасці беларускіх выбарчых кампаній.
“Канстанціна Лебедзева я ведаю выключна ў сувязі з “Балотнай справай”. Калі быў апублікаваны відэазапіс, я быў у Маскве. Пытаўся тады там, што гэта за чалавек такі”, — гаворыць Еўрарадыё адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду” Міхаіл Пашкевіч.
Прозвішча расійскага палітыка з Беларуссю звязаў вядомы фільм “Анатомія пратэсту”, паказаны на расійскім тэлебачанні ў мінулым годзе. У ім ёсць кадры, дзе Лебедзеў сустракаецца з іншымі расійскімі апазіцыянерамі і грузінамі ў Мінску, абмяркоўваючы падрыхтоўку пратэстаў у Маскве. Відэа ў выніку стала адным з элементаў крымінальнай справы, апазіцыянераў арыштавалі. У тым ліку і самога Лебедзева. Ужо пасля арышту ён расказаў журналістам “Камерсанта” пра сваю працу на беларускіх выбарах. У тым ліку пра тое, што беларускія спецслужбы праз грузінскіх партнёраў беларускіх апазіцыянераў ведалі пра ўсе планы штабоў кандыдатаў. А сярод абавязкаў Лебедзева было запісваць свае размовы з апазіцыянерамі ў Мінску і перадаваць іх грузінам.
Аляксандр Атрошчанкаў, які ў кампанію-2010 працаваў у штабе Андрэя Саннікава, таксама нічога не чуў пра дзейнасць Канстанціна Лебедзева ў Беларусі. Ён мяркуе, што гэты чалавек ужо заблытаўся ў сваіх паказаннях.
“Я не ведаю пра тыя факты, якія расказвае Лебедзеў. Пра падзеі, якія ён апісвае, таксама не ведаю. Увогуле, нават па інтэрв’ю бачна, што чалавек заблытаўся — дзе праўда, а дзе хлусня”.
Куды больш катэгарычныя расійскія паплечнікі Лебедзева. Іначай як здраднікам яго ў асяродку расійскай апазіцыі не называюць. Маўляў, пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, каб атрымаць меншы тэрмін. Сам Лебедзеў ад такой трактоўкі не адмаўляецца. Гаворыць, што ўсе ведалі, на што ідуць.
Лідар АГП Анатоль Лябедзька пра прызнанні Лебедзева ведае. Чытаў інтэрв’ю. Але ад супрацы з ім падчас выбараў таксама адмаўляецца.
“З ім асабіста я не быў знаёмы. Ці быў Лебедзеў у Беларусі, ці не быў — дакладна сказаць не магу. Ён расказвае, што выконваў нейкія функцыі… Але я нават не ведаю, з кім ён тут працаваў і хто можа пра яго расказаць”.
На думку Лябедзькі, Канстанцін Лебедзеў уцягнуты ў гульні расійскіх спецслужбаў. Таму ставіцца да яго “беларускіх прызнанняў” таксама трэба адпаведна.
Узяць каментар у самога Лебедзева атрымаецца няхутка. На мінулым тыдні суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі беспарадкаў на Балотнай плошчы і прысудзіў да 2,5 гадоў турмы.
Фота rbc.ru