Беларускія біятланісткі занялі 7-е месца ў эстафеце ў Антхольцы
Жаночая зборная Беларусі па біятлоне заняла сёмае месца ў эстафетнай гонцы, якая прайшла 24 студзеня ў італьянскім Антхольцы. Там адбываецца шосты этап Кубка свету па біятлоне.
Беларускі квартэт (Надзея Скардзіна, Ганна Сола, Дар’я Юркевіч і Ірына Крыўко) прайшоў дыстанцыю за 1 гадзіну 9 хвілін 24,6 секунды без штрафных колаў. Пры гэтым усе спартсменкі выкарыстоўвалі запасныя патроны — Дар’я Юркевіч два, а ўсе астатнія па адным.
Перамога ў гонцы дасталася зборнай Францыі, на другім месцы Чэхія, на трэцім — Расія.
Таксама ў Антхольцы сёння пройдзе мужчынская эстафета, у якой Беларусь прадставяць Уладзімір Чапелін, Раман Ялётнаў, Дзмітрый Абашаў і Дзмітрый Дзюжаў.