Беларускія біятланісты занялі ў змяшанай эстафеце 5-е месца
20 лютага на Алімпіядзе ў Пхёнчхане прайшла змяшаная эстафета ў біятлоне (2х6 км і 2х7,5 км). У складзе беларускай зборнай былі Надзея Скардзіна, Дар’я Домрачава, Сяргей Бачарнікаў і Уладзімір Чапелін.
Скардзіна страляла дакладна, але на лыжні прадэманстравала невысокую хуткасць. Домрачавай яна перадала эстафету 8-й. Дар’я з дадатковым патронам на адным з агнявых рубяжоў вывела зборную Беларусі на 3-е месца. Бачарнікаў страляў добра (адзін дадатковы патрон), але з-за невысокай хуткасці перадаў эстафету толькі 5-м. Чапелін здолеў утрымаць гэтую пазіцыю, а вось палепшыць яе не змог. Беларусы адсталі ад лідара амаль на хвіліну. Агулам у эстафеце ўдзельнічалі два дзясяткі зборных.
Першае месца ў Францыі, другое — у Нарвегіі, трэцяе — у Італіі, чацвёртае — у Германіі.
22 лютага пройдзе эстафетная гонка ў жанчын.