Беларускія зоркі будуць змагацца з распаўсюджваннем ВІЧ-інфекцыі

У мэтах прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі створана "Зорная каманда". Як паведаміла прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Джыхан Султанаглу, у склад каманды ўвайшлі вядомыя людзі - музыканты, акцёры, тэлевядучыя, спартоўцы.
Паводле слоў Султанаглу, удзельнікі "Зорнай каманды" былі вызначаны спецыялістамі Праграмы развіцця ААН на аснове рэйтынгаў папулярнасці. Усе яны далі згоду на ўдзел у праекце добраахвотна і на бязвыплатнай аснове.

Акцыя з удзелам "Зорнай каманды" называецца "Я абяцаю!" і з'яўляюцца часткай інфармацыйнай кампаніі "Спыніць СНІД. Выканаць абяцанне" ў межах праекта "Прафілактыка ВІЧ/СНІД у Рэспубліцы Беларусь".

Кампанія стартавала 1 снежня 2005 года. Кожны з удзельнікаў "Зорнай каманды" даў абяцанне, якое, на іх думку, павінна перашкаджаць распаўсюджанню ВІЧ-інфекцыі і наркаманіі, а таксама дапамагаць людзям, якія жывуць з ВІЧ.

Так, напрыклад, музыканты гурту "J:морс" абяцалі "быць побач з ВІЧ-станоўчымі людзьмі". Фрыстайлісты сярэбраны прызёр чэмпіянату свету Асоль Слівец і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Дзмітрый Дашчынскі абралі сваім лозунгам "Спорт. Няма месца наркотыкам!".

Чэмпіёнка юніёрскага Уімблдона Вольга Барабаншчыкава і акцёр Рускага тэатра ды музыкант Аляксей Шадзько абяцалі "цяпло і разуменне людзям з ВІЧ". Актрыса Купалаўскага тэатра Святлана Зелянкоўская і музыкант Аляксандр Патліс маюць намер "дапамагаць ВІЧ-станоўчым дзецям. Удзельнікі дуэта "Аляксандра і Канстанцін" паабяцалі "быць адданымі ў сваім каханні".

Рэкардсмен свету па цяжкай атлетыцы Андрэй Рыбакоў і вядучая Люся Лушчык абяцалі "здаць тэст на ВІЧ. Надалей "Зорная каманда" будзе ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах інфармацыйнай кампаніі: акцыях, канцэртах і г.д. Неўзабаве на вуліцах Мінска з'явяцца білборды з выявай герояў каманды і лозунгамі, якія яны абяцаюць выканаць. Нагадаем, на 1 ліпеня 2007 года агульная колькасць ВІЧ-інфікаваных у Беларусі склала 8 тысяч 291 чалавек.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі