Брат беларускі, якая вярнулася з Кітая: дактары прасілі сказаць, што ў яе грып B
Дзяўчына, у якой падазраюць каранавірус / vk.com
Увечары 22 студзеня з міжнароднага аэрапорта Пулкава ў Санкт-Пецярбургу шпіталізавалі пасажыра, які прыляцеў з Шанхая. Дактары западозрылі ў 23-гадовага мастака Армана Каракешышана каранавірус. Зрэшты, пакуль што дыягназ не выстаўлены — у хлопца можа аказацца звычайная ВРВІ.
Праз некалькі гадзін Арман пакінуў пост на сваёй старонцы "УКантакце" пра тое, што з падобнымі сімптомамі, але ўжо ў Мінску, трапіла ў інфекцыйную бальніцу яго сяброўка Ганна Ільніцкая.
Паводле яго слоў, дзяўчына вярнулася з Кітая на пару дзён раней, але дактары яшчэ не высветлілі дыягназ. Арман просіць паставіцца да выпадку дзяўчыны з вялікай увагай і адказнасцю, бо ў Кітаі цяпер распаўсюджваецца небяспечны для жыцця каранавірус.
Ганне 21 год, яна вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце прамысловых тэхналогій і дызайну. Яе брат Андрэй Ільніцкі расказаў Еўрарадыё, што медыкі просяць яго "паведаміць СМІ, што ў Ганны дыягнаставалі грып тыпу B":
"Аня 20 студзеня прыляцела з Кітая. 22 студзеня з'ехала на "хуткай" у бальніцу з рэзкай высокай тэмпературай. Да сённяшняй раніцы ў яе ўзялі толькі кроў. А ўжо сёння просяць паведаміць у СМІ, што гэта грып B".
Ад ускладненняў, выкліканых кітайскім каранавірусам 2019-nCoV, да цяперашняга моманту памерлі 17 чалавек, а колькасць тых, хто захварэў, перавысіла 570 чалавек.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі паабяцала ў найбліжэйшы час пракаментаваць сітуацыю.
Каментарый Мінздароўя: у дзяўчыны, якая прыляцела з Кітая, — грып B
Невядомы раней каранавірус, выяўлены ў снежні 2019 года ў кітайскім горадзе Ухань, паражае дыхальныя шляхі. Ён выклікае пнеўманію, яго сімптомамі называюць павышаную тэмпературу, стому і кашаль з макротай. Кітайскія ўлады пацвярджаюць, што вірус перадаецца ад чалавека да чалавека.
Назва "каранавірус" з'явілася дзякуючы незвычайнай форме: пад мікраскопам ён падобны на карону. У сямействе каранавірусаў ёсць каля 40 вірусаў, але толькі сем з іх (у тым ліку новы вірус) могуць уздзейнічаць на чалавека.
Апошняя сур'ёзная ўспышка каранавіруса адзначалася ў Кітаі ў 2002 годзе, калі на атыповую пнеўманію захварэлі 8098 чалавек, а памерлі 774 чалавекі. "Людзі па-ранейшаму з жахам прыгадваюць атыповую пнеўманію, адсюль у значнай ступені і паходзіць страх. Аднак цяпер мы падрыхтаваныя нашмат лепш, каб супрацьстаяць падобным захворванням", — кажа доктар Джосі Голдынг з Wellcome Trust у каментары BBC.
Навукоўцы мяркуюць, што вірус распаўсюдзіўся на людзей ад жывёл. Крыніцай мог стаць гарадскі рынак Уханя, дзе можна набыць мяса птушак, жывёлаў, морапрадукты. Сусветная арганізацыя аховы здароўя раіць у найбліжэйшыя дні не дакранацца да жывёл і адмовіцца ад стасункаў з людзьмі з сімптомамі прастуды і грыпу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.