Беларусы змогуць ездзіць у Ганконг без візаў на два тыдні
Палата прадстаўнікоў 7 снежня ўхваліла пагадненне пра бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ганконгам — спецыяльным адміністратыўным раёнам Кітайскай Народнай Рэспублікі. Згодна з ім, грамадзяне Беларусі могуць безвізаў прыязджаць у Ганконг і знаходзіцца там да 14 дзён. Такімі ж правамі змогуць карыстацца грамадзяне Ганконгу ў Беларусі.
Гэты дакумент у парламенце прадстаўляў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас. Адзіным адмоўным вынікам пагаднення МЗС бачыць тое, што консульскія зборы з грамадзян Ганконгу скароцяцца на 6500 еўра ў год.
Колькі беларусаў ездзяць штогод у Ганконг і колькі грамадзян Ганконгу наведвае Беларусь, чыноўнік адказаць не змог.
Па словах Дапкюнаса, экспарт Беларусі ў Ганконг складае 6 млн долараў у год. Гэта пераважна высокатэхналагічныя тавары.
Бязвізавы рэжым, на думку прадстаўніка МЗС, дапаможа прыцягнуць у нашу краіну інвестараў і турыстаў з Ганконгу.