"Белавія" пакуль не рэагуе на забарону Пуціна лятаць з Расіі ў Грузію
Самалёт авіякампаніі "Белавія" / Раман Пратасевіч
Колькасць авіярэйсаў паміж Беларуссю і Грузіяй пакуль не змянілася. Самалёты "Белавія" штодня лятаюць з Мінска ў Тбілісі, Батумі і назад — як і да канфлікту паміж Расіяй і Грузіяй. У прэс-службе "Белавія" Еўрарадыё паведамілі, што пакуль не ведаюць, ці будуць адкрыты новыя рэйсы.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін з 8 ліпеня забараніў расійскім авіякампаніям лятаць у Грузію, а грузінскім — у Расію. Продаж білетаў на даты пасля 8 ліпеня спынены. Пасажыры, якія набылі білеты загадзя, вымушаныя здаваць іх авіяперавозчыкам.
Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе, калі былі спынены прамыя авіязносіны паміж Расіяй і Украінай, "Белавія" адкрыла дадатковыя рэйсы паміж Масквой, Мінскам і Кіевам. Нацыянальны аэрапорт Мінск стаў папулярным перасадачным аэрапортам на гэтым кірунку. У 2015 годзе былі адкрыты рэйсы з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у Харкаў і Адэсу.
Усё гэта дазволіла беларускай авіякампаніі сур'ёзна нарасціць пасажырапаток. У 2015 годзе "Белавія" ўпершыню ў сваёй гісторыі перавезла больш за 2 млн пасажыраў, у 2016-м гэта лічба ўзрасла да 2 млн 488 тысяч. Па выніках 2017 года колькасць пасажыраў "Белавія" дасягнула 3 млн чалавек. А па сацсетках стаў гуляць мем — "Адвязём вас у краіны, з якімі пасварыўся ваш прэзідэнт".