Белавус: пасылкі symbal.by тры месяцы не пускаюць за заходнюю мяжу
Пасылкі ад symbal.by не пускаюць за заходнюю мяжу ўжо тры месяцы. Пра гэта прадпрымальнік Павел Белавус паведаміў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Па яго словах, за верасень, кастрычнік і лістапад да замежных пакупнікоў не дайшлі 200 пасылак. Пасля сканчэння мытнага агляду на трэк-кодзе значыцца "Запіс аб прычыне затрымання мытняй".
Белавус кажа, што за шэсць гадоў працы такога не было. З гэтай нагоды ён раўмаўляў з намесніцай начальніка Мінскай рэгіянальнай мытні Людмілай Шэвердак.
"Фактычна, іх проста складваюць у адным месцы і не выпускаюць з краіны. У Расію і іншыя краіны Мытнага саюзу пасылкі ідуць, а вось тыя, што ідуць у ЕС, Амерыку і розныя краіны свету, не выпускаюць.
Людміла Аляксееўна не змагла пры размове патлумачыць чаму так адбываецца, але папрасіла напісаць пісьмовы зварот і паабяцала цягам бліжэйшых 15 дзён даць афіцыйны адказ", — распавядае Белавус.
Белавус згадвае, што 8 лістапада па БТ прайшоў тэлесюжэт, як мытня затрымлівае пасылкі з кітайскіх сайтаў, у якіх ёсць бел-чырвона-белыя сцягі і герб "Пагоня".
Сёлета ўлетку кампанія symbal.by пад ціскам уладаў была вымушаная зачыніць краму, дзе прадаваліся вопратка і сувеніры з нацыянальнай сімволікай. Закрыццё крамы атрымалася скандальна гучным: на чаргу пакупнікоў прыехалі амапаўцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.