"Белнафтахім" патлумачыў, чаму кошты на нафту зніжаюцца, а на бензін — не
Канцэрн "Белнафтахім" абнародаваў тлумачэнні, чаму пры зніжэнні коштаў на нафту працягваюць расці кошты на бензін. Супрацоўнікі ведамства агучылі 12 пытанняў, самых папулярных у аўтамабілістаў, і далі свае адказы на іх.
Чаму нашы НПЗ атрымліваюць нафту па нізкай цане з Расіі, а задзіраюць цану на бензін вышэй за расійскую?
Па-першае, не атрымліваюць, а купляюць. Прычым, па цане, якая складае цяпер каля 75 адсоткаў ад сусветнай рынкавай цаны.
Такія ўмовы набыцця нафты склаліся ў выніку змены з 2015 года падатковага заканадаўства ў РФ — так званага "падатковага манеўру". Цана на расійскую нафту для беларускіх НПЗ вызначаецца па спецыяльнай формуле, наўпрост прывязанай да сусветных каціровак. З кожным годам падатковага манеўру кошт нафты для беларускіх НПЗ набліжаецца да сусветнага.
Пры рэалізацыі сваёй прадукцыі на экспарт беларускія НПЗ плацяць пошліну ў бюджэт нашай дзяржавы. Для бюджэту краіны пошліны — гэта выгадна. А для НПЗ у выніку выплаты пошлін кошт нафты пры выпрацоўцы экспартных нафтапрадуктаў практычна параўноўваецца з сусветным. Гэта значыць, на экспарт НПЗ ужо цяпер працуюць у рынкавых умовах.
На ўнутраным рынку Беларусі канцэрн прытрымліваецца палітыкі стрымлівання коштаў. У цяперашні час кошт на маторнае паліва ў Беларусі ніжэй, чым у суседніх краінах, даціруецца нафтаперапрацоўчымі заводамі, якія нясуць страты. Цана на паліва на беларускіх АЗС павінна перавышаць расійскую за кошт больш далёкага транспартнага пляча паставак нафты.
Усюды нафтаперапрацоўка — звышпрыбытковы бізнэс. Чаму ў нас страты?
Нафтаперапрацоўка цяпер не прыносіць звышпрыбыткаў нідзе. У свеце існуе перавытворчасць нафтапрадуктаў. У Еўропе многія НПЗ зачыняюцца або пераходзяць на няпоўную загрузку.
Нашы НПЗ атрымалі страты з-за таго, што кошт паліва на беларускіх АЗС не адпавядае кошту сыравіны, якая вырасла літаральна за некалькі месяцаў на 35 адсоткаў.
Зараз кожны беларускі аўтамабіліст фактычна даціруецца на 20-30 капеек на кожным літры паліва ў залежнасці ад яго віду — больш, чым выдаткоўваецца заводамі на яго вытворчасць!
Так працягвацца не можа. Заводам неабходныя грошы на куплю і перапрацоўку нафты, каб рынак Беларусі наогул не застаўся без свайго бензіну.
Канцэрн лічыць абгрунтаваным устанаўленне цаны на маторнае паліва як мінімум на ўзроўні, які кампенсуе выдаткі НПЗ.
Чаму аўтамабілісты павінны "складвацца" на мадэрнізацыю НПЗ за кошт павышэння коштаў на паліва? Ніхто не прымушаў браць крэдыты...
У сабекошт бензіну крэдыты, узятыя на мадэрнізацыю, не ўключаюцца. Сваю мадэрнізацыю заводы аплачваюць самі. Але для прыцягнення крэдытаў НПЗ павінныя працаваць прыбыткова. Па такіх правілах працуе любы бізнэс.
Калі фінансавая сітуацыя не зменіцца, НПЗ будуць вымушаныя прыпыніць усе свае інвестпраекты. А гэта ў перспектыве можа прывесці да немагчымасці забяспечыць унутраны рынак нашай краіны якаснымі нафтапрадуктамі.
Ці праўда, што ў кошце паліва 65% падаткаў?
Гэтая лічба можа быць скарыстаная для нафтаздабываючых краін, якія маюць танную сыравіну. Бо сабекошт здабычы нафты, напрыклад, у суседняй з намі краіне, па паведамленнях прэсы, не перавышае 20 долараў за барэль нафты, або 140-150 долараў за тону. І ўрад там рэгулюе падаткамі залішнюю прыбытковасць нафтавых кампаній.
У Беларусі падатковы складнік у кошце паліва (а гэта падатак на даданую вартасць, акцызы і іншыя зборы, якія плацяць нашы заводы) зараз займае да 40 адсоткаў.
Пераважную долю ў рознічным кошце бензіну займае кошт сыравіны — нафты, якую мы купляем за валюту па кошце каля 75 адсоткаў ад сусветнай.
У выдатках НПЗ сыравіну яшчэ больш значна, і яго кошт займае больш за 80 адсоткаў.
Таму рост кошту нафты наўпрост уплывае на кошт аўтамабільнага паліва.
Павышэнне коштаў пойдзе на зарплату працаўнікам НПЗ і асабліва іх кіраўнікоў? Няхай зніжаюць зарплату.
Узровень заработнай платы калектываў НПЗ, як прадпрыемстваў са значнай доляй уласнасці дзяржавы, знаходзіцца пад кантролем дзяржавы і можа змяняцца толькі пры выкананні заканадаўчых умоў.
Заработная плата работнікаў НПЗ улічвае складанасць прафесій нафтаперапрацоўшчыкаў, выбуха-і пажаранебяспечны характар вытворчасці.
Разам з тым, у кошце аднаго літра аўтамабільнага паліва заработная плата складае 2 капейкі. А ўсе выдаткі НПЗ, за выключэннем выдаткаў на набыццё нафты, у сённяшняй цане аўтамабільнага паліва складаюць да 10 капеек. Таму практычна ніякага ўплыву заработная плата работнікаў НПЗ на рознічны кошт бензіну не мае.
Паколькі НПЗ зараз стратныя, заводы максімальна скарачаюць ўсе свае выдаткі, і пра павышэнне заработнай платы гаворкі не ідзе.
Чаму цана на нафту мяняецца кожны дзень, а Белнафтахім толькі павышае кошты, не змяншаючы пры зніжэнні цаны нафты?
Як паказвае практыка гэтага года, змяншае. Часта, на жаль, змены валютнага курсу нівеліруюць наша зніжэнне коштаў.
Давайце таксама не забываць, што пры росце кошту нафты ў беларускіх рублях кошты на АЗС не змяняліся некалькі гадоў.
Чаму не зніжалася цана на бензін у 2016 годзе, калі нафта ўпала з 80 да 30 долараў за барэль?
У доларавым эквіваленце — зніжалася прапарцыйна зніжэнню цаны на нафту, якую НПЗ купляюць за валюту. Цана на бензін зніжалася б і ў беларускіх рублях, калі б у гэты час не адбылося падзенне курсу беларускага рубля ў адносінах да іншых валют.
Чаму кошт бензіну не ўвязваецца з узроўнем даходаў насельніцтва?
Увязваецца. Канцэрн праводзіць палітыку стрымлівання коштаў на паліва ў Беларусі. Калі б цана вызначалася рынкам, яна была б значна вышэй.
Цікавыя лічбы паведамляе Белстат: у агульных выдатках жыхароў рэспублікі выдаткі на аўтамабільнае паліва займаюць усяго толькі 2,2%. Для параўнання: на паслугі сувязі беларусы трацяць 3,3% — на 50 працэнтаў больш! І кошты на мабільную сувязь растуць больш актыўна, чым на бензін.
Дарэчы, у выдатках транспартнікаў кошт бензіну складае таксама невялікую долю. Усяго толькі 4,4 адсотка ў статыстыцы. Гэта значыць, пры росце кошту на паліва на 10 адсоткаў выдаткі транспартнікаў павялічваюцца не больш чым на паўадсотка!
Не варта забываць, што паліва — гэта тавар, як і любы іншы, і для яго вытворчасці неабходныя сродкі. Таму НПЗ, як і любы іншы вытворца тавару, мусяць мець магчымасць за кошт цаны пакрываць выдаткі на яго вытворчасць.
Чаму да гэтага часу не было ніякага механізму залежнасці цаны бензіну ад цаны на нафту?
Механізм такі быў і ёсць.
Узровень коштаў на нафтапрадукты залежыць ад шматлікіх фактараў: кошту нафты, падатковай нагрузкі, курсу валют, узроўню цэнаў у сумежных дзяржавах, шэрагу іншых паказчыкаў. Канцэрн праводзіць штодзённы маніторынг ўсіх фактараў, якія ўплываюць на цэнаўтварэнне, і на падставе актуальнай інфармацыі аператыўна ацэньвае сітуацыю на ўнутраным рынку. Затым прымаецца ўзгодненае рашэнне аб змене цаны.
Раней, на пачатку 2010-х гадоў, да пачатку расійскага падатковага манеўру, калі кошт расійскай нафты не перавышаў 50 адсоткаў ад сусветнай, у НПЗ была магчымасць дапамагаць насельніцтву за кошт больш прыбытковага экспарту. Зараз такой магчымасці няма (гл. адказ на першае пытанне).
Больш за тое, у Расіі прынята рашэнне аб завяршэнні на працягу бліжэйшых гадоў свайго падатковага манеўру. Для Беларусі гэта значыць з вялікай верагоднасцю, што з 2024 года ў нас будуць сусветныя цэны на нафту і сусветныя цэны на аўтамабільнае паліва. Трэба рыхтавацца да такога развіцця падзей.
Калі кошты на ўнутраным рынку стратныя, чаму нельга ўсе нашы нафтапрадукты накіроўваць на экспарт, а ў Беларусь завозіць таннае расійскае паліва?
У Расійскай Федэрацыі аўтамабільнае паліва зараз даражэй, чым у Беларусі, і завозіць яго нявыгадна. У іншых суседніх краінах аўтамабільнае паліва яшчэ даражэй.
Ёсць і пытанне энергетычнай бяспекі дзяржавы. Апынуцца ў сітуацыі адной з суседніх краін, калі бензін уласных НПЗ займае нязначную долю на ўнутраным рынку, — гэта значыць паставіць пад пагрозу бесперабойнае забеспячэнне беларускіх аўтамабілістаў, вяскоўцаў, транспартнікаў і іншых галін эканомікі.
Чаму на некаторых АЗС даюць скідкі на паліва, калі кошт стратны?
Канцэрн усталёўвае гранічна максімальныя цэны на нафтапрадукты. Гэта значыць, у сетках АЗС падымаць кошты вышэй нельга. А вось зніжку даваць можна.
За кошт чаго? Прынцып такі ж, як у крамах: за кошт прыбытку ад іншых тавараў.
Чаму прапануюцца зніжкі? Часам АЗС праводзяць акцыі: для раскруткі новага віду бензіну з асадкамі, да прыкладу. Альбо ў іх ёсць неабходнасць хутка распрадаць адзін з відаў паліва — напрыклад, летняе дызельнае паліва перад халодным сезонам года.
Некаторыя эканамісты гавораць, што бензін у Беларусі можна бясплатна раздаваць, усё роўна экспарт пакрые выдаткі...
Гэта памылковае меркаванне.
З улікам выплаты мытнай пошліны пры экспарце нафтапрадуктаў пастаўкі фактычна ідуць у рынкавых умовах, па цэнах сусветнага рынку як нафтапрадуктаў, так і кошту нафтавай сыравіны. А страты НПЗ у цяперашні час абумоўленыя менавіта нізкімі цэнамі на ўнутраным рынку.
За 7 месяцаў 2018 г. у адносінах да аналагічнага перыяду 2017 года кошт нафты для беларускіх НПЗ вырас на 35 адсоткаў, пры гэтым кошты на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, за гэты перыяд выраслі ўсяго на 14 адсоткаў. У сітуацыі, якая склалася, НПЗ пры рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку нясуць страты і не маюць магчымасці пакрыць ўзрослыя выдаткі на набыццё нафты.
Кошт нафты, кошт электраэнергіі для працы вытворчых установак, падаткі, акцызы - гэтыя выдаткі аплочваюць НПЗ, яны прысутнічаюць у сабекошце паліва, і яно не можа быць бясплатным.