Беражкоў узначаліць дэпартамент па маркетынгу і камунікацыях Федэрацыі футбола
У структуры Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Беражкоў будзе кіраваць дэпартаментам па маркетынгу і камунікацыях, паведамляе БЕЛТА.
Пра тое, што былы генменеджар хакейнага клуба "Дынама" перайшоў на працу ў федэрацыю футбола, Еўрарадыё паведамляла 1 чэрвеня. Новую пасаду ён атрымаў з ініцыятывы старшыні АБФФ Сяргея Румаса.
Беражкоў паведаміў, што запрашэнне ўспрыняў з радасцю. Ён паабяцаў пастарацца, каб беларускі футбол стаў спортам нумар адзін у Беларусі.
Між іншага спецыяліст паведаміў і пра сваю крымінальную справу. Па яго адчуваннях, справа рухаецца да завяршэння і павінна закончыцца добра.
Беражкоў распавёў, што падаваў заяву аб адстаўцы з пасады віцэ-старшыні Федэрацыі хакея, аднак гэтая заява не была задаволеная. Ён выказаў падзяку федэрацыі, якая не адвярнулася ад яго ў складаны час. "Калі я трапіў у вельмі няпростую сітуацыю, многія адвярнуліся. ФХБ не была ў іх ліку. Гэта быў фактар мужчынскай салідарнасці", — перадае БелаПАН словы Беражкова.
Як вядома, у жніўні 2015 года Уладзіміра Беражкова, які працаваў тады генеральным менеджарам ХК "Дынама-Мінск", затрымалі праваахоўныя органы. Яго падазравалі ў крадзяжы сродкаў клуба. У красавіку 2016-га Беражкова вызвалілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Следства паведаміла, што ён супрацоўнічаў з органамі, раскаяўся і цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду.