Беражкова выпусцілі з СІЗА да суда пад падпіску, Суботкін застаецца за кратамі

Беражкова выпусцілі з СІЗА да суда пад падпіску, Суботкін застаецца за кратамі

У сераду 6 красавіка былы генеральны менеджар хакейнага клуба “Дынама-Мінск” Уладзімір Беражкоў выйшаў са сцен следчага ізалятара. У няволі хакейны функцыянер і вядомы беларускі спартовы журналіст знаходзіўся са жніўня 2015 года. Як распавялі Еўрарадыё ў Генпракуратуры, дзе дагэтуль знаходзяцца матэрыялы па крымінальнай справе, Беражкоў выйшаў пад падпіску аб нявыездзе. Суда ён будзе чакаць дома.

“Беражкоў выйшаў на волю не проста так. Яму змененая мера стрымання з арышту на падпіску аб нявыездзе, — тлумачыць нюансы Пётр Кісялёў, начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры. — Чаму змененая мера стрымання? Спрыяў следству, пакрыў шкоду, пакаяўся”.

Кісялёў адзначыў, што другі фігурант справы, былы гендырэктар “Дынама” Максім Суботкін, па-ранейшаму застаецца за кратамі.

Нагадаем, што былыя кіраўнікі ХК “Дынама-Мінск” знаходзіліся ў няволі са жніўня 2015 года. Гендырэктара Максіма Суботкіна абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Паводле версіі праваахоўнікаў, ён самавольна заснаваў прадпрыемства ЗАТ "Маркетынг ХК “Дынама”", у межах якога прызначыў сабе штомесячную зарплату ў 45 мільёнаў рублёў. А таксама заключыў праз гэтае прадпрыемства фіктыўную дамову на 400 мільёнаў. Дарэчы, існаванне такіх прадпрыемстваў, якія займаюцца працай з рэкламадаўцамі, нармальная справа для Кантынентальнай хакейнай лігі, дзе выступае "Дынама". Існуе нават аналагічнае ТАА “КХЛ-Маркетынг”. Але праваахоўнікі настойваюць, што істотная шкода сапраўды была нанесеная.

Уладзіміра Беражкова абвінавацілі ў “Раскраданні шляхам злоўжывання службовым становішчам”. Канкрэтна, паводле версіі праваахоўнікаў, генменеджар фармальна аформіў у клубе знаёмага, якому прызначыў штомесячную зарплату ў 15 мільёнаў. Таксама гэтай асобе рэгулярна выплачваліся прэміі на суму ад 80 да 160 мільёнаў. У выніку з рахунка гэтай асобы, як запэўнівае следства, Беражкоў асабіста зняў 1 мільярд 90 мільёнаў.

Сёлета ў лютым кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч паведаміў пра тое, што Беражкоў і Суботкін напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі а таксама кампенсавалі фінансавую шкоду, нанесеную клубу, каля трох мільярдаў рублёў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі