Беспрацоўных стала больш, чым вакансій

У Беларусі каля 40 тысяч афіцыйных беспрацоўных, а вакансій, якія прапануюць службы занятасці, — усяго каля 35 тысяч. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла намеснік загадчыка аддзела мінскага ўпраўлення занятасці Марына Шахловіч. Паводле яе слоў, у Мінску на аднаго беспрацоўнага прыпадае больш за дзве прапановы.

Марына Шахловіч: “У Мінску, згодна з сённяшнімі аператыўнымі дадзенымі, крыху болей за 13 тысяч вакансій. Беспрацоўных было 4600 на першага сакавіка, але я думаю, што цяпер будзе крыху больш”.

У рэгіёнах сітуацыя іншая. Яшчэ ў мінулым годзе, напрыклад, у Бабруйску вакансій было ў 1,5 разы больш, чым беспрацоўных, а цяпер на 2,5 тысячы афіцыйных беспрацоўных усяго каля тысячы вакансій.

Але галоўнай праблемай застаецца дысбаланс між попытам і прапановай, кажа загадчык бабруйскага ўпраўлення занятасці Наталля Казакова:

“Рэч у тым, што ёсць і быў па ўсёй рэспубліцы дысбаланс між попытам і прапановай. То бок часта на рынку прапановы працоўнай сілы сітуацыя не супадае з тым, што патрэбна наймальніку. Бывае, што аднолькавая колькасць беспрацоўных і вакансій, але сёння ёсць адна спецыяльнасць, а на ўліку стаяць іншыя”.

А ў Мазыры на 645 беспрацоўных налічваецца ўсяго каля 500 вакансій. Як і па ўсёй краіне, найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца спецыяльнасці будаўнічай скіраванасці. У будаўнікоў і самыя вялікія заробкі — каля мільёна рублёў. Найменшыя заробкі ў медыкаў, настаўнікаў, прадаўцоў і кухараў. Часта даход на такіх прафесіях крыху большы за пражытковы мінімум — каля 300-350 тысяч.

Каб выправіць сітуацыю, упраўленні перавучваюць беспрацоўных на больш папулярныя спецыяльнасці. Набіраецца група, і пасля сканчэння курсаў можна прэтэндаваць на тое ці іншае месца.

Марына Шахловіч: “Ёсць у нас курсы навучальныя і курсы павышэння кваліфікацыі. Праводзіцца прафарыентацыйная праца, калі можам зарыентаваць на тыя спецыяльнасці, якія запатрабаваныя на рынку працы, пасля атрымання якіх людзям будзе лягчэй уладкавацца на працу. Навучанне праводзіцца прыблізна на 40 спецыяльнасцяў”.

Верагоднасць атрымаць найлепшую вакансію выпадае, між іншым, таму, хто лепш за ўсё вучыўся. А калі заробак паміж аднатыпнымі вакансіямі адрозніваецца ў разы, то і змаганне за месца ідзе даволі сур’ёзнае.

Фота: kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі